У Варшаве абмяркуюць лёс савецкай спадчыны. Ад Беларусі запрошаны Кузьняцоў

Дэмантаж помніка генэралу арміі Івану Чарняхоўскаму на поўначы Польшчы

29 чэрвеня верхняя палата польскага парлямэнту (Сэнат) прагаласавала за ўнясеньне паправак у закон аб забароне прапаганды камунізму або іншага таталітарнага ладу. Дакумэнт, прыняты раней ніжняй палатай (Сэймам), прадугледжвае, сярод іншага, знос помнікаў савецкай эпохі, у тым ліку мэмарыялаў у гонар Чырвонай Арміі. Цяпер свой подпіс пад дакумэнтам павінен паставіць прэзыдэнт, і яшчэ праз тры месяцы ён набудзе сілу.

На тэму савецкай спадчыны ў Варшаве заплянаваны круглы стол з удзелам дэпутатаў, навукоўцаў, гісторыкаў. Ад Беларусі на паседжаньне запрошаны дасьледчык масавых рэпрэсій Ігар Кузьняцоў — на гэтым фоне востра паўстае пытаньне «беларускага катынскага сьпісу» расстраляных афіцэраў Войска Польскага.

Напярэдадні ў Менску ўпершыню за тры гады сабралася беларуска-польская міжурадавая камісія. Польскі бок на паседжаньні загаварыў пра тое, што трэба правесьці эксгумацыю пахаваньняў польскіх афіцэраў. Польскі бок перакананы: у Курапатах могуць знаходзіцца парэшткі больш як 3800 палонных вайскоўцаў, якіх на пачатку 1940 году перавезьлі з заходніх рэгіёнаў Беларусі ў Менск, і тут іх сьляды згубіліся.

Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў перад адлётам у Варшаву сказаў карэспандэнту Свабоды, што хоча перасьцерагчы польскіх калегаў ад пасьпешлівых захадаў: нават калі афіцэры Войска Польскага і былі пахаваныя ў Курапатах, гэта ня значыць, што пасьля вайны чэкісты ня зьнішчылі пра гэта ўсялякі ўспамін:

«29 чэрвеня адбудзецца паседжаньне з удзелам дэпутатаў Сэйму, прысьвечанае ў тым ліку сталінскім рэпрэсіям супраць палякаў. Я гэтую тэму абавязкова ўздыму — у тым сэнсе, што буду заклікаць польскі бок да таго, каб у дадзеным выпадку былі не эмацыйныя, а разумныя дзеяньні. Перадусім каб іх не ўвялі ў зман, каб яны не пайшлі падманным шляхам, каб потым іх не папракнулі — маўляў, ну вось бачыце, мы вам далі магчымасьць, вы эксгумацыю правялі, дык дзе ён, той беларускі катынскі сьпіс? Няма! Дык мы вам адразу казалі, што яго ў прыродзе не існуе! То бок паўстае яшчэ большая небясьпека атрымаць адказ, што ніякіх польскіх пахаваньняў у Курапатах нібыта няма».

Гісторык ухваляе, што Беларусь і Польшча вяртаюцца да абмеркаваньня тэмы сталінскіх рэпрэсіяў. Аднак, на яго перакананьне, гэтым павінны займацца не чыноўнікі, а рэальныя дасьледчыкі, знаўцы сваёй справы:

«Першым чынам трэба было сядаць за круглы стол не на ўзроўні міністэрстваў культуры, а на ўзроўні навукоўцаў і археолягаў, якія праводзілі дасьледаваньні. І вось тады абмяркоўваць пытаньні. Прынамсі, ня ведаю, каб апошнім часам гэта абмяркоўвалася менавіта на такім узроўні. Я свой пункт гледжаньня выказваю. З польскага боку, акрамя таго, што трэба праводзіць эксгумацыю, я іншых закідаў ня чуў, таму нават ня ведаю, каму менавіта аргумэнтавана сваю пазыцыю даказваць. Сёньня, прынамсі, пастараюся гэта зрабіць. Хоць у мяне будзе ўсяго 15-хвілінны выступ, у любым выпадку закрану тое, што гэта агульны боль і беларускага, і польскага народу, таму трэба вырашаць пытаньні сумесна — і ня толькі па афіцыйнай лініі, але знаходзіць і іншыя шляхі, каб знайсьці адказы на ўсе пытаньні».

На перакананьне Ігара Кузьняцова, шукаць сьляды польскіх афіцэраў трэба ня толькі ў Курапатах, а і па вядомых адрасах расстрэлаў і масавых пахаваньняў вакол Менску. Ён нагадвае, што дзьве папярэднія эксгумацыі ў Курапатах рэальных вынікаў не далі:

«Сёньня пытаньне як стаіць? Польскі бок настойвае на эксгумацыі ў Курапатах. Паколькі ў іх на слыху Курапаты, то яны і лічаць, што шукаць трэба толькі там. Тым ня менш нагадаю: у Курапатах былі праведзеныя дзьве эксгумацыі — гэта 1988 год, у якой браў удзел Зянон Пазьняк, а таксама 1998 год, калі эксгумацыю праводзіла вайсковая пракуратура. Было ўскрыта 18 пахаваньняў з больш як 520 магільных упадзін, і экспэртыза паказала, што ніводнае пахаваньне не зьяўляецца цэльным. То бок высновы археолягаў, як і сьледчых вайсковай пракуратуры, ідэнтычныя: пахаваньні папярэдне раскопваліся, частка парэшткаў зьнішчаная. Гэта сьведчыць пра тое, што ў Курапатах, нават калі правесьці эксгумацыю, нельга сёньня дакладна вызначыць наагул рэальную колькасьць парэшткаў... А тое, што вядуцца нейкія перамовы, дык яны маюць месца ўжо на працягу амаль трох гадоў».

Як вынікае з дакладных запісак, у сакавіку 1940 году ў Менск чыгуначным транспартам былі дастаўленыя каля 4 тысяч афіцэраў польскай арміі зь Берасьця, Баранавічаў, Пінску ды іншых месцаў дысьлякацыі. Далей іхныя сьляды губляюцца. На іх пошуках настойвае польскі бок. У шэрагах вайскоўцаў была вялікая колькасьць этнічных беларусаў, якія былі мабілізаваныя ў Войска Польскае з заходніх рэгіёнаў Беларусі.

Беларускія археолягі пра ідэю эксгумацыі ў Курапатах: «Спачатку неабходна адкрыць архівы НКВД — КДБ»