Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька бярэ ўдзел у саміце Эўрапейскай народнай партыі (European People’s Party — EPP). У Брусэль запрошаныя кіраўнікі дзяржаў і прэм’ер-міністры краін Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства», партыі якіх уваходзяць у EPP або маюць статус асацыяванага сябра ці назіральніка.
У камэнтары для Радыё Свабода палітык падзяліўся ўражаньнямі ад працы форуму высокага ўзроўню:
«Эўрапейская народная партыя застаецца вядучай палітычнай сілай Эўропы, таму на самітах прысутнічае найвышэйшае кіраўніцтва Эўразьвязу. Сёньня тут і старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, і старшыня Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер, і прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Антоніё Тальяні, і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, а таксама шэраг прэзыдэнтаў, кіраўнікоў урадаў і лідэраў апазыцыі ў сваіх краінах. Таму склад вельмі прадстаўнічы».
Паводле палітыка, на парадку дня цэлы шэраг актуальных пытаньняў, прыярытэтны — лёс Вялікай Брытаніі ў яе жаданьні будаваць сваю будучыню па-за Эўрапейскім зьвязам:
«Што тычыцца парадку дня, то, безумоўна, на першых пазыцыях пытаньне „Брэкзыту“ і наагул аналіз сытуацыі, куды рухаецца Эўропа. То бок — што трэба рабіць, каб Эўропа заставалася адзінай, каб яна была каштоўнаснай. Гэтаксама закранаюцца пытаньні выбарчай кампаніі ў Францыі, якая дадала аптымізму. Дзеля справядлівасьці, кагосьці тут і крытыкуюць, хтосьці апраўдваецца — як, напрыклад, прэм’ер-міністар Вугоршчыны. Жывая, нармальная дыскусія».
Анатоль Лябедзька сказаў, што мае намер узьняць беларускае пытаньне — найперш расказаць пра зьняволеных па «справе патрыётаў» і чарговым разам акцэнтавацца на адсутнасьці ў Беларусі свабодных выбараў:
«У нас яшчэ будзе дыскусійны разьдзел па сытуацыі ў краінах, якія прадстаўленыя ў Эўрапейскай народнай партыі, так што сваё пасланьне ў мяне ёсьць, яно ўжо падрыхтаванае. Я буду гаварыць пра тое, што нас хвалюе ў першую чаргу, — адсутнасьць свабодных сумленных выбараў; людзі, якія знаходзяцца ў турмах; патрэба ў рэформах, безь якіх мы застаемся ў тупіку».
У кулюарах саміту Анатоль Лябедзька дамовіўся пакантактаваць з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Як кажа, ёсьць ідэі наконт сумеснага супрацьстаяньня расейскай прапагандзе:
Мне вельмі важна, каб Украіна падумала, якім чынам можна больш шырока задзейнічаць Беларусь
«Пятро Парашэнка прысутнічае тут фактычна ў такім жа статусе, як і я. Пакуль яшчэ не выступаў. Апроч таго, што ёсьць уласна панэльная дыскусія, існуе магчымасьць паразмаўляць у кулюарах. Дык вось мы дамовіліся абмеркаваць некалькі ідэяў. Мне вельмі важна, каб Украіна падумала, якім чынам можна больш шырока задзейнічаць Беларусь. Паколькі на сёньняшні дзень у інфармацыйнай прасторы дамінуюць расейскія мэдыі, у мяне ёсьць некалькі прапановаў штосьці зрабіць, каб зьявілася альтэрнатыва расейскаму замбаваньню. А дзеля гэтага патрэбная больш шчыльная супраца як мінімум грамадзянскай супольнасьці, на парлямэнцкім узроўні, паміж палітычнымі партыямі. Гэта той рэсурс, які можна выкарыстоўваць».
Эўрапейская народная партыя заснаваная ў 1976 годзе. Складаецца з калектыўных сяброў — хрысьціянска-дэмакратычных, нацыяналістычных, кансэрватыўных і іншых рухаў, якія адносяцца да правацэнтрысцкай часткі палітычнага спэктру. Адна з найбуйнейшых партый Эўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ў Радзе Эўропы. Налічвае больш за 70 калектыўных сяброў — нацыянальныя партыі з чатырох дзясяткаў краін, ня лічачы асацыяваных сяброў і назіральнікаў. Ад Беларусі статус назіральнікаў у Эўрапейскай народнай партыі маюць АГП і БХД.