Саранчукову прапанавалі ўдакладніць пазоў, гарадзенскаму ТВ — шукаць пацьверджаньняў сваёй праўды

Вадзім Саранчукоў

У Ленінскім судзе Горадні 20 чэрвеня адбылося апытаньне бакоў па пазове старшыні гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова да абласной тэлерадыёкампаніі пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. На 6 ліпеня прызначанае паседжаньне суду.

Вадзім Саранчукоў завастрыў увагу суду на тым, што ў паказаным відэасюжэце «Маршам у нікуды» была закранута ягоная дзелавая рэпутацыя. Ён насамрэч рамесьнік, вырабляе канкрэтны прадукт і рэалізоўвае яго. А тэлерадыёкампанія, маўляў, паставіла пад сумнеў гэтыя факты, зьвёўшы іх да таго, што рамесьнікам ён нібыта зарэгістраваўся толькі з прыняцьцем дэкрэту № 3.

Суд прапанаваў Саранчукову ўдакладніць патрабаваньні пісьмова і прадставіць да першага паседжаньня. Саранчукоў запэўніў суд, што ў якасьці доказаў прадставіць сваю рэгістрацыю рамесьніка і дамовы на рэалізацыю прадукцыі з крамамі ў розных гарадах Беларусі.

Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі сказаў, што ўсе факты, паказаныя ў відэасюжэце, спраўджаныя. Маўляў, рэгістрацыя рамесьніка, а таксама дамовы, заключаныя з крамамі, яшчэ ня сьведчаць пра добрую рэпутацыю майстра. Таму прадстаўнік адказчыка зьбіраецца дабівацца ў судзе, каб Саранчукоў засьведчыў сваё майстэрства.

Саранчукоў запатрабаваў, каб у суд у якасьці сьведкі быў выкліканы аўтар фільму, паколькі відэасюжэт быў ананімны. На гэта прадстаўнік тэлерадыёкампаніі сказаў, што канкрэтнага аўтара ў фільму няма, гэта праца калектыўная, і паводле заканадаўства яе ўладальнік — тэлерадыёкампанія. А таму, маўляў, ейныя інтарэсы будзе прадстаўляць ён.

Судзьдзя Ксенія Стасюкевіч праводзіла паседжаньне на беларускай мове. Хаця прадстаўнік тэлерадыёкампаніі хадайнічаў, каб працэс вёўся па-расейску, паколькі фільм зроблены на расейскай мове і пераклад у судзе, паводле яго, можа сказіць сутнасьць.

На гэтыя словы заля загула. Прадстаўнік тэлерадыёкампаніі адказаў залі, што ён кожны дзень карыстаецца ў сямʼі і на працы расейскай мовай, хоць беларускую мову вучыў у Алеся Белакоза.

Саранчукоў настойваў, каб судовы працэс вёўся на беларускай мове. А адмысловага перакладу фільму не спатрэбіцца, бо ён ведае і расейскую мову.

— А калі ёсьць праблемы з разуменьнем дзяржаўнай беларускай мовы ў прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, то няхай ён нойме сабе перакладчыка, — сказаў Саранчукоў.

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды». Сюжэт тычыўся акцый пратэсту «дармаедаў» у Горадні. Адным зь ягоных «герояў» быў Вадзім Саранчукоў. Паводле яго, распаўсюджаная ў відэасюжэце інфармацыя не адпавядае сапраўднасьці, а таксама адмоўна паўплывала на ягоную дзелавую рэпутацыю.

Саранчукоў сьцьвярджае, што зьнятыя кадры хутчэй нагадваюць апэратыўныя здымкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а ня працу журналістаў. Але пра гэта ён напісаў скаргу ў пракуратуру. У судзе ж Саранчукоў хоча абараніць сваю дзелавую рэпутацыю. Ніякай грашовай кампэнсацыі пакуль не выстаўляе, а просіць суд прымусіць тэлерадыёкампанію абвергнуць непраўдзівыя зьвесткі пра яго.