Сына Кадафі амаль 6 гадоў трымалі ў турме ў горадзе Зінтан. Ўзброеная групоўка, якая ўтрымлівала Сейфа аль-Іслама, адмовілася падпарадкавацца рашэньню суду ў Трыпалі, які прысудзіў сына Кадафі да сьмяротнага пакараньня, і ня выдала яго афіцыйным уладам.
У заяве юрыстаў Кадафі і прадстаўнікоў групоўкі, якая яго ўтрымлівала, гаворыцца, што Сейф аль-Іслам быў вызвалены паводле закону аб амністыі, прынятым парлямэнтам у горадзе Тобрук на ўсходзе краіны. Гэты парлямэнт не падпарадкоўваецца міжнародна прызнанаму ўраду Лібіі ў Трыпалі, які фактычна не кантралюе ўсходнюю частку краіны.
Сейф аль-Іслам быў адным з паплечнікаў свайго бацькі. У Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе супраць яго вылучаныя абвінавачваньні ў злачынствах падчас грамадзянскай вайны 2011 году.
Дзе зараз знаходзіцца сын Кадафі, невядома. Паводле некаторых паведамленьняў, ён адправіўся ў горад эль-Байда на паўночным усходзе Лібіі.