Пошукам злодзея, які нібыта крадзе рэчы грамадзян зь лецішчаў, патлумачыла Гомельская абласная ўправа міліцыі інцыдэнт, які здарыўся позна ўвечары 4 чэрвеня ў доме жыхара вёскі Пыхань Веткаўскага раёну Сяргея Помазава.
Тады ў дом Помазава без дазволу гаспадароў увайшлі намесьнік начальніка Веткаўскай міліцыі Аляксандар Кошман разам з шараговым міліцыянтам і запатрабавалі дакумэнты ў гаспадара. На гадзіньніку было без 15 хвілін 12 ночы. Больш за 10 хвілін міліцыянты з дому Помазава выходзіць адмаўляліся. Гаспадар абурыўся паводзінамі міліцыянтаў, зьняў інцыдэнт на відэа, якое потым зьявілася ў інтэрнэце, і паабяцаў зьвярнуцца ў пракуратуру.
Чаму міліцыянты праніклі менавіта ў дом Сяргея Помазава?
У другой палове дня 5 чэрвеня на сайце УУС Гомельскага аблвыканкаму зьявілася тлумачэньне прычын пранікненьня ў дом Сяргея Помазава. Згодна зь ім, веткаўскія міліцыянты дзейнічалі ў начны час у рамках «апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў на тэрыторыі раёну», каб знайсьці злодзея, які крадзе рэчы грамадзян з дамоў на лецішчах, бо «ад пачатку 2017 году на тэрыторыі Веткаўскага раёну была зарэгістраваная сэрыя крадзяжоў».
«Было вядома, што падазроны можа хавацца ў населеным пункце Пыхань», — таксама паведаміў сайт гомельскай міліцыі. Непасрэдна выбар дому Сяргея Помазава патлумачаны тым, што «ў доме знаходзіліся людзі, гучна высьвятлялі адносіны, уваходныя дзьверы былі прачыненыя». У выніку, паводле паведамленьня, веткаўскія міліцыянты пераканаліся, што ў доме Помазава не адбывалася супрацьпраўных дзеяньняў адносна жыхароў, і пакінулі памяшканьне. Пры гэтым паводзіны гаспадара дома міліцыянты назвалі «яўна непаважлівымі да праваахоўнікаў».
У афіцыйным паведамленьні Гомельскай управы ўнутраных спраў сказана, што міліцыянты маюць права ў любы час пранікаць у дамы грамадзян, калі ёсьць дастаткова падстаў лічыць, што там хаваюцца злачынцы — гэта дазваляе 25 артыкул закону «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь».
Ці сапраўды міліцыянты ў начны час могуць зьявіцца ў любую кватэру і правяраць дакумэнты? А як жа прынцып недатыкальнасьці жытла?
Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту, былы судзьдзя Гары Паганяйла на просьбу Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю.
«Па некалькіх законах рассыпаныя нормы адносна права міліцыі пранікаць у дамы грамадзянаў. Сутнасьць у тым, што міліцыя можа пранікнуць у дом, калі лічыць, што там схаваліся злачынцы, або там знаходзяцца доказы злачынства, або рыхтуецца злачынства. Або падчас перасьледу злачынцы, калі бачаць, што той пранік у гэты дом. Але проста так прыйсьці ў жытло чалавека і патрабаваць дакумэнты, калі дакладна ведаюць, да каго прыйшлі, — гэта парушэньне. Павінна быць падстава — можа, чулі гукі барацьбы, ці нехта з суседзяў выклікаў міліцыянтаў. Калі цяпер зьявіліся зьвесткі, што гэта быў начны рэйд, дык гэта можа быць сапраўды. Але можа быць і тое, што задняй датай такое тлумачаць. Тое, што давер да міліцыі сярод людзей на нізкім узроўні, гэта факт, і гэта ўласная праблема міліцыі, якую трэба вырашаць. Можна вырашаць па-рознаму».
У паведамленьні гомельскай міліцыі названы чалавек — нехта Сяргей Капачоў, якога падазраюць у сэрыі крадзяжоў зь лецішчаў і якога цяпер шукае міліцыя.
Паводле жыхара вёскі Пыхань Сяргея Помазава, ягоны канфлікт зь міліцыяй пачаўся значна раней, 9 красавіка. Тады ў двор дому Помазава прыехалі супрацоўнікі ДАІ, якія запатрабавалі ад яго дакумэнты на аўтамабіль.