Вярхоўны Суд разглядае апэляцыі 17 асуджаных за продаж спайсаў

26 траўня ў Вярхоўным Судзе Беларусі пачаўся разгляд апэляцыйных скаргаў абвінавачаных у «справе 17» за распаўсюджаньне псыхатропаў у складзе злачыннай арганізацыі ды іншыя злачынствы.

У сьнежні мінулага году Менскі гарадзкі суд у выніку працэсу, які цягнуўся цэлы год, асудзіў падсудных на розныя тэрміны зьняволеньня — ад 20 да 4 гадоў. Найбольшы тэрмін атрымаў былы журналіст Канстанцін Вялюга, якога суд прызнаў вінаватым у стварэньні і кіраваньні злачыннай арганізацыяй, што распаўсюджвала псыхатропныя рэчывы ў выглядзе спайсаў.

Канстанцін Вялюга сваёй віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Падалі скаргі таксама астатнія 16 фігурантаў справы, але некаторыя зь іх аспрэчваюць ня ўвесь, а частку прысуду, ці дамагаюцца перакваліфікацыі абвінавачаньня на больш лёгкія артыкулы.

Судовая калегія Вярхоўнага Суду, якая разглядае скаргі ў «справе сямнаццаці», вырашыла не выклікаць абвінавачаных у суд, а выслухаць толькі іхных адвакатаў. Прычым тры адвакаты, якія абараняюць былых прадстаўнікоў сілавых структур Дзьмітрыя Вераценскага, Канстанціна Дзенісевіча і Ігара Карыцкага, будуць выступаць на закрытым паседжаньні. Гэта адбудзецца ў панядзелак, 29 траўня.