Алесь вядомы многім чытачам, яго паважаюць многія беларускія аўтары, чые кнігі прайшлі празь ягоныя рукі.
Алеся Яўдаху КДБ зьвінаваціў у «навучаньні або падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках», пазьней па артыкуле зьвязаным з удзелам у збройным фармаваньні. Ён праходзіць як адзін з фігурантаў у справе «Белага легіёну».
«Што яны там могуць яму прад’явіць? Чалавек ня бачыць за сабой віны, і мы ведаем, што яе няма», — гаворыць Свабодзе намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Усевалад Сьцебурака.
«Я думаю, іхная беларускасьць на агульным ляндшафце, прыраўнаваным да Расейскай Фэдэрацыі, занадта вытыркаецца», — публіцыст і пісьменьнік Сяргей Дубавец тлумачыць сваё бачаньне, чаму КДБ сфабрыкаваў справу з арыштам носьбітаў беларускай ідэі.
За кратамі ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага Алесь Яўдаха вядзе штодзённую перапіску з мноствам людзей. Адна з самых актыўных суразмоўцаў празь ліставаньне — даўняя сяброўка Алеся Настасься Мацяш, філёляг, рэдактарка — піша амаль кожны дзень.
У лістах Настасься з Алесем працягваюць пачатыя раней размовы.
«Не зважаем на цэнзараў»
«Цэнзары, відаць, мараць, каб Алеся хутчэй выпусьцілі (сьмяецца). Ідзе вал ліставаньня, і ліставаньня на спэцыфічныя тэмы. Наўрад ці на «Валадарку» часта прыходзяць дыскусіі пра астрафізыку.
Алесь не зважае на цэнзуру. Ён піша пра патрыятызм, пра нацыяналізм. У прынцыпе, усё праходзіць.
«Я перапісваю яму артыкулы Сяргея Дубаўца з сэрыяў „Юркойцеў суд“ і „Стагодзьдзе БНР“.
Часам атрымліваю маральнае задавальненьне ад думкі, што мае лісты да Алеся Яўдахі ў турму чытаюць цэнзары. Ну а раптам варухнецца думка ў мазгах. Малю-ю-сенькая такая. Чарвячок. Алесю гэта наўрад ці дапаможа. А нам усім — магчыма.
У прынцыпе, на маю думку, мы наагул ня мусім звяртаць на цэнзуру ўвагі. Пішучы лісты, мусім заставацца самімі сабой. Бо як толькі ўключаецца ўнутраны цэнзар, атрымліваецца, што мы прымаем навязаныя нам правілы гульні. Што робім ці хочам зрабіць нешта забароненае. Таму мы з Алесем лістуемся пра тое, пра што гутарылі і асабіста».
Гутаркі ў іншым фармаце
«Алесь для мяне заўсёды цікавы суразмоўца, мы проста працягваем нашы гутаркі ў іншым фармаце. Мы з Алесем нават спрачаемся. Я лічу, што яму трэба трэнаваць мазгі, пішу яму сярод іншых парадаў пра гэта.
Але ў яго крыху іншае бачаньне. Ён усю гэту сытуацыю бачыць як магчымасьць прыпыніцца. Магчымасьць пазбавіцца ад інфармацыйнага шуму, „Фэйсбуку“, беганіны. Паглыбіцца ў сябе, падумаць пра штосьці большае. Прыўзьняцца над сытуацыяй. Але гэта тое ж самае трэнаваньне мазгоў».
Лісты пачкамі
«Лісты не даходзяць у камэру ў парадку прыбыцьця. Бывае, што прыносяць адразу пачак. І я назад пачак магу атрымаць. Але Алесь вельмі скрупулёзны чалавек: усе лісты рэгіструе пад уваходным нумарам (сьмяецца). Напрыклад, я атрымліваю ліст нумар 28, у дужках агульны лік усіх лістоў 150. Ён просіць нумараваць кожны аркуш, кожную старонку, каб прасачыць, ці ўсё праходзіць».
Настасься Мацяш і Алесь Яўдаха разам выдалі ў 2007 годзе пераклад на беларускую мову першую частку «Карлсана з Даху». Наста гаворыць, што Алеся арыштавалі акурат калі пачалася падрыхтоўка да выданьня другой кнігі гісторый пра Карлсана.
У сям’і Настасьсі і яе мужа Канстанціна два сыны — старэйшы Іван і малодшы Алесь, як Яўдаха. Да арышту старэйшага два Алесі часьцяком гулялі ў футбол ці салдацікі. Цяпер малы Алесь увесь час пытаецца пра «дзядзьку Алеся» — дзе той, што робіць.
Беларусізацыя «Валадаркі»
«Што там робіць Алесь Яўдаха? Ён беларусізуе „Валадарку“»!
Зь ліста: «30.04.2017. Сёньня канваіры ўжо запытваліся не пра „мусор“, а пра „сьмецьце“:) Вада камень точыць:-)»
Часам нейкія канваіры прыходзяць па кансультацыі. Пытаюцца: «Хто тут у вас разумны? Што такое „філіжанка“?». Яшчэ нейкія падобныя пытаньні задаюць.
Бываюць у іх працэдуры праверкі вялікімі начальнікамі зь вялікімі зоркамі на пагонах. І начальнік турэмны зьвяртаецца да Алеся па-беларуску, разьвітваецца па-беларуску.
Таму я сыну свайму так і кажу, калі тлумачу, дзе дзядзька Алесь і што ён робіць: «У яго неадкладныя справы ў Пішчалаўскім замку. Яму трэба навучыць тамтэйшы пэрсанал беларускай мове».