Садоўскі падаў у суд на Менгарвыканкам за спазьненьне з адказам на заяўку пра Дзень Волі

Дзяніс Садоўскі, падчас акцыі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка 2017 году

Адказны сакратар «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Дзяніс Садоўскі падаў у суд Маскоўскага раёну скаргу на дзеяньні Менгарвыканкаму адносна заяўкі на мітынг і шэсьце ў Дзень Волі, паведамляецца на сайце БХД.

Чыноўнікі далі адказ на заяўку менш чым за дзень да пачатку, хоць паводле закону мусілі адказаць за 5 дзён. Адказ быў адмоўны, хоць падстаў для гэтага Садоўскі ня бачыць. Рашэньне пра дазвол мітынгу ў Парку дружбы народаў (пазьней вусна забароненага старшынём Менгарвыканкаму) не ўзгаднялася з заяўнікам.

Садоўскі просіць прызнаць рашэньне Менгарвыканкаму незаконным і ўскладае на чыноўнікаў адказнасьць за тое, што ў выніку акцыя прайшла як несанкцыянаваная, але фактычна не была забароненая ці дазволеная законным чынам. У выніку больш за 700 чалавек было затрымана, супраць мірных дэманстрантаў ужывалася грубая фізычная сіла. Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Заяўку на менскую акцыю на Дзень Волі (шэсьсце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы) падавалі яшчэ 6 студзеня. Празь месяц заяўнікам паведамілі, нібы заяўку згубілі. 8 лютага была пададзеная наступная заяўка, працэс падачы зафіксавалі на відэа. За 5 дзён да правядзеньня акцыі Менгарвыканкам ня даў адказу на заяўку, хоць абавязаны быў зрабіць гэта па законе. Сустрэчу з заяўнікамі ў Менгарвыканкаме ў рэшце рэшт прызначылі на вечар 24 сакавіка — за 21 гадзіну да пачатку акцыі. На той сустрэчы ўлады дазволілі ​толькі мітынг у парку Дружбы народаў. Але праз 4 гадзіны па дазволе старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац заявіў, што «любыя вулічныя акцыі 25 сакавіка ў Менску будуць незаконнымі», бо нібыта ўсе заяўкі былі адкліканыя.

За акцыю на Дзень Волі былі вынясеныя папярэджаньні партыям БНФ і АГП, а таксама руху «За свабоду».

«З такім найгрубейшым парушэньнем мы ня будзем мірыцца, хоць на нашыя папярэднія скаргі ўлады адказалі адпіскамі пра тое, што ўсё законна, — кажа Садоўскі. — Але відавочна, што гэтае прамое парушэньне заканадаўства. Таму мы падаем у суд, каб выявіць гэта беззаконьне і каб улады ў далейшым такога не паўтаралі».

Да таго скаргі ў Генпракуратуру на МУС, Менгарвыканкам і дзяржаўныя СМІ за дзеяньні, зьвязаныя з акцыямі на Дзень Волі, беларусы масава адсылалі праз сайт zvarot.by.