Левінаву прысудзілі 15 сутак арышту за тое, чаго ён не рабіў

Павал Левінаў

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская вынесла пастанову ў дачыненьні да апошняга затрыманага 26 сакавіка актывіста — зь ліку тых, каго абвінавацілі за падзеі на Дзень Волі.

На праваабаронцу Паўла Левінава па затрыманьні склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і 25, і 26 сакавіка, падчас якіх ён нібыта выказваў свае палітычныя погляды адносна ўгодкаў стварэньня БНР, а таксама стаўленьне да дэкрэту № 3.

Яшчэ падчас апытаньня ў Кастрычніцкім РАУС Левінаў тлумачыў, што мае заданьне ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту назіраць за масавымі мерапрыемствамі, што ў яго ёсьць пасьведчаньне назіральніка, а таксама ён пазаштатны журналіст газэты «Витебский курьер».

Больш за тое: 15 сакавіка начальнік упраўленьня МУС Віцебскага аблвыканкаму атрымаў пісьмовае папярэджаньне пра тое, што прадстаўнік БХК будзе займацца маніторынгам масавых мерапрыемстваў у Віцебску, кажа праваабаронца:

«Я папярэдне накіраваў такі ліст і нават атрымаў адказ ад намесьніка начальніка. І ў ім гаварылася, што інфармацыя прынятая да ведама, і нават была падзяка за маю актыўную грамадзянскую пазыцыю! Потым, ужо пасьля затрыманьня, я зноў зьвярнуўся ў абласное ўпраўленьне міліцыі, каб мне патлумачылі прычыны адміністрацыйнай справы, якую супраць мяне распачалі. І атрымаў яшчэ адзін адказ: маўляў, мая дзейнасьць у якасьці назіральніка і ажыцьцяўленьне маніторынгу падчас акцый 25 і 26 сакавіка ня могуць быць падставай для скасаваньня адміністрацыйнай справы. Як той казаў, без камэнтароў!».

Павал Левінаў на плошчы Перамогі 25 сакавіка

Неўзабаве пасьля затрыманьня 26 сакавіка Паўлу Левінаву стала кепска, і ўначы з ізалятара часовага ўтрыманьня яго забралі ў шпіталь. Выпісаўшыся, праваабаронца працягвае лячэньне ў Кіеве. Ён прасіў, каб суд не разглядаў справу безь ягонага ўдзелу, аднак судзьдзя Грабоўская не пагадзілася. На судовым працэсе 17 красавіка не было ні самога праваабаронцы, ні сьведак — толькі журналісты, актывісты і Андрэй Левінаў, родны брат і прадстаўнік «правапарушальніка». Ён лічыць, што брата пазбавілі магчымасьці як бараніцца самому, так і забясьпечыць наяўнасьць прафэсійнага адваката:

«Мне патэлефанавалі за гадзіну да пачатку працэсу і папярэдзілі, што дапускаюць у суд як абаронцу брата. Тое, што ў Паўла сталая дамова на абарону зь літоўскім адвакатам, судзьдзю не пераканала. І тое, што ён пісьмова зьвяртаўся ў суд, каб працэс перанесьлі да ягонага вяртаньня, таксама. Брата прызналі вінаватым на падставе двух фрагмэнтаў відэазапісу, дзе ён не рабіў нічога, што магло б вызначаць удзельніка акцыі! Чаму на працэсе не было ніводнага сьведкі, хоць Павел на гэтым настойваў? Не было нават міліцыянтаў з Кастрычніцкага РАУС, якія яго затрымлівалі, складалі рапарты, пратаколы? Дарэчы, у гэтых пратаколах процьма нестыковак. Так, у пратаколе ад 26 сакавіка напісана, што Павал быў удзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства. Але адказ з райвыканкаму, што на імпрэзу сапраўды не даваўся дазвол, атрыманы міліцыяй толькі 27 сакавіка. Пытаньне: адкуль такая прадбачлівасьць у нашай міліцыі?».

Павал Левінаў у віцебскім шпіталі 28 сакавіка 2017

Судзьдзя праігнаравала і думку грамадзкасьці: не прыняла да ўвагі ні ліст зь Беларускай асацыяцыі журналістаў пра тое, што Левінаў прысутнічаў на масавых мерапрыемствах у тым ліку і як журналіст-фрылансэр, ні калектыўны зварот з просьбай спыніць судовы перасьлед праваабаронцы, які падпісалі 75 жыхароў Віцебску.

Паводле пастановы Кастрычніцкага райсуду, Паўла Левінава па вяртаньні на радзіму чакае арышт тэрмінам 15 сутак. Такія самыя арышты былі прысуджаныя і ягоным калегам, праваабаронцам і журналістам Леаніду Сьвеціку і Канстанціну Мардзьвінцаву. А таксама мясцовым актывістам дэмакратычнага руху Хрыстафору Жаляпаву і Леаніду Аўтухову.

Журналіст-фрылансэр з Воршы Арцём Сізінцаў таксама быў асуджаны — на 10 сутак, а віцебскага журналіста Сяргея Русецкага яшчэ чакае суд за Дзень Волі, хоць непасрэдна ў той дзень яго нават не затрымлівалі.