Удзельнікі перадачы — кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў і бізнэс-аналітык, кіраўнічы партнэр кансалтынгавай кампаніі CIVITTA Даніэль Крутцына. Вядучая — Ганна Соўсь.
Ганна Соўсь: У 2014 годзе я праводзіла журналісцкае расьсьледаваньне пра эфэктыўнасьць заходняй дапамогі для Беларусі, і вы абодва былі экспэртамі ў гэтым дасьледаваньні. Асноўныя высновы, якія тады былі зробленыя, каротка можна сфармуляваць такім чынам: Асноўны атрымальнік замежнай заходняй дапамогі — беларуская дзяржава. Эўразьвяз зьяўляецца найвялікшым донарам, а сярод краінаў ЭЗ найбольш выдаткоўвае Нямеччына. У Беларусі сярод усіх краінаў Усходняга партнэрства самая нізкая эфэктыўнасьць засваеньня дапамогі Эўразьвязу. Пры рэалізацыі буйных праектаў на грошы Эўразьвязу ў Беларусі ствараюцца праўладныя НДА. Год таму Эўразьвяз павялічыў фінансавую дапамогу Беларусі ўдвая. Андрэй Ягораў, вы глыбока дасьледавалі характар заходняй дапамогі. Як ён зьмяніўся за апошнія гады, калі была пэўная лібэралізацыя ў адносінах Беларусі і Захаду? І пра якія наступствы можна казаць?
Павелічэньне дапамогі з боку інстытутаў Эўразьвязу з 15 да 29 мільёнаў эўра
Андрэй Ягораў: У гэтыя гады лібэралізацыі былі два асноўных трэнды. Першы — гэта павелічэньне дапамогі з боку інстытутаў Эўразьвязу з 15 да 29 мільёнаў, а з боку краін ЭЗ частка дапамогі была з аднаго боку скарочаная, а зь іншага боку пераарыентаваная на мэты сацыяльна-эканамічнага парадку. Гэта значыць, што колькасьць грошай, якая ішла на ўзаемадзеяньне зь недзяржаўнымі актарамі дэ факта зьменшылася, хоць такой інтэнцыі ў краінаў-сябраў Эўразьвязу не было. Але так яно здарылася. А паколькі цыкл праграмаваньня зьмяніўся ў 2015 годзе ў другой яго палове, то праекты, якія за гэтыя грошы будуць рэалізаваныя, альбо толькі пачаліся ў мінулым годзе, альбо нават пачнуцца толькі ў гэтым. Таму вынікі саміх праектаў, якія рэалізуюцца на гэтыя грошы, пакуль што складана акрэсьліць, адзінае, што можна сказаць — канешне, для значнай колькасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці зьмена трэндаў у зьнешняй дапамозе прывяла да ня вельмі добрага фінансавага становішча, калі яны зараз вымушаны знаходзіць грошы з розных іншых крыніцаў, бо ранейшыя сталі фактычна недаступныя.
Экспэрты за 60 гадоў і праца ў субпадрадзе
Ганна Соўсь: Даніэль Крутцына, розныя дзяржаўныя структуры атрымалі і атрымаюць толькі ад Эўрапейскай камісіі ў пэрыяд з 2013 па 2019 гады больш за 34 мільёны эўра толькі ў выглядзе праектаў. Гэта грошы на разьвіцьцё «зялёнай эканомікі», на мадэрнізацыю сыстэмы аховы здароўя, на разьвіцьцё мясцовых органаў улады, на жыльлёва-камунальную гаспадарку і шмат іншых праектаў. Вы працуеце ў Беларусі з 2008 году і добра знаёмыя з эканамічнымі і сацыяльным рэаліямі. З вашага пункту гледжаньня, наколькі эфэктыўна дзяржаўныя органы засвойваюць заходнія грошы?
Даніэль Крутцына: Ёсьць розныя пункты. Па-першае, добра, што павялічыліся аб’ёмы, з гэтымі грашыма можна было зрабіць шмат карысных рэчаў. Але ёсьць пара пунктаў, якія вельмі засмучаюць, асабліва для заходняга чалавека, які жыве ў Беларусі і дабравольна зрабіў выбар, што ён хоча не сядзець у Брусэлі ці блізка да структураў, якія раздаюць гэтыя грошы, а які хоча мяняць нешта на практыцы. Па-першае, многія тэндэры ЭЗ структураваныя такім чынам, што мясцовым структурам туды трапіць вельмі складана. Ты можаш быць толькі ў субпадрадзе нейкіх заходніх буйных фірмаў. Па многіх тэндэрам фармальны крытэрый — што ты ўдзельнічаў ужо ў 10 праектах больш за мільён эўра ў розных краінах сьвету. Гэтае патрабаваньне можа выканаць дэ-факта толькі заходняя замежная буйная кампанія, якая потым лічыць, што ў яе павінны быць 80% бюджэту, а людзі на месцы павінны рабіць рэальную працу, 80% рэальнай працы за 20% грошай. Я крыху фігуральна кажу, але па тэндэнцыям так ёсьць.
мясцовым арганізацыям вельмі складана трапіць наўпрост у праект, у асноўным, яны вымушаныя працаваць у субпадрадзе буйных міжнародных структур, а другое — вельмі фармалістычны падыход да ацэнцы экспэртаў
Таксама крытэрыі, асабліва ў Эўразьвязе, у адрозьненьне ад Сусьветнага банку і USAID, крайне фармалізаваныя. Тут проста лічыцца часта... груба кажучы, ты «прадаеш» туды рэзюмэ людзей, і за кожны год, які чалавек працаваў ужо па донарскай дапамозе, даецца 1 бал. Хто больш за ўсіх балаў набраў, той перамог у конкурсе. У выніку экспэрты, якіх у Беларусь адпраўляе Эўразьвяз — гэта часта людзі ўжо за 60, таму што тады ў іх больш за ўсё балаў, 30 год у гэтым бізнэсе, і каб малады чалавек стаў кіраўніком праекта — гэта дэ-факта выключана. Таму ёсьць два асноўныя пункты крытыкі, гэта тое, што мясцовым арганізацыям вельмі складана трапіць наўпрост у праект, у асноўным, яны вымушаныя працаваць у субпадрадзе буйных міжнародных структур, а другі момант — гэта вельмі фармалістычны падыход да ацэнцы экспэртаў, экспэртызы арганізацый, замест таго, каб ацэніць канцэпцыю, якую падае арганізацыя.
Мы, напрыклад, спрабавалі падавацца на конкурс па нацыянальнай стратэгіі разьвіцьця турызму ў Беларусі. Мы зрабілі, на наш погляд, вельмі добрую канцэпцыю, дзе мы ўключылі абсалютна ўсіх мясцовых экспэртаў, якія ў гэтай сфэры працуюць, каб упэўнена карыстацца мясцовай экспэртызай, і мы прайгралі тэндэр, выйграла кампанія замежная, якая толькі вазіла замежных экспэртаў. Мясцовымі экспэртызамі крайне мала карыстаюцца, і гэта крыўдна. Таму што Беларусь насамрэч, як і многія краіны, якія атрымліваюць дапамогу, мае моцныя мясцовыя экспэртызы, якімі трэба карыстацца. А мэханізмы выдачы дапамогі ЭЗ гэтага часта не дазваляюць.
«Фактычна для Беларусі гэта вельмі малыя грошы»
Ганна Соўсь: Андрэй Ягораў, пры канцы сакавіка 72 дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі эўрапейскіх лідэраў перагледзіць палітыку да рэжыму Лукашэнкі. Яны заявілі, што ЭЗ павінен павялічыць свае абʼёмы дапамогі, накіраваныя на ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і дэмакратычных сілаў Беларусі, у тым ліку праз спыненьне нядаўна павялічанай фінансавай дапамогі, накіраванай на фінансаваньне дзейнасьці беларускага ўраду і іншых дзяржаўных структураў. Які ваш прагноз, ці зьменіцца характар дапамогі, і калі зьменіцца, ці паўплывае ён на магчымасьць дэмакратычных пераменаў у Беларусі?
Андрэй Ягораў: Я ня думаю, што наўпрост гэта так уплывае — што мы зьмяняем структуру дапамогі і больш даем на грамадзянскую супольнасьць, і гэта прыводзіць да дэмакратычных зьменаў. Гэта натуральна не працуе, бо шмат што залежыць ад самога стану ўнутраных актараў, на якіх накіраваная гэтая дапамога, іх магчымасьцяў і кампэтэнцыяў, кансалідаванасьці і г.д. Таму гэта хутчэй палітычнае рашэньне, зьвязанае з тым, ці прымальна супрацоўнічаць з дзяржавай, якая парушае правы чалавека і не імкнецца да разьвіцьця рынкавай эканомікі і дэмакратыі, ці прымальна выдаткоўваць грошы пад маркай таго, што тут адбываюцца нейкія зьмены. Ну гэта неяк нелягічна, і тут дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту маюць цалкам рацыю, што пры тым, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца ў стане з правамі чалавека і дэмакратыі, трэба праблематызаваць фінансавую дапамогу, якая можа ісьці для Беларусі. Але не трэба гэта рабіць бяздумна.
пасьля падзеяў 19 сьнежня шмат хто заяўляў пра неабходнасьць менавіта такіх зьменаў, павелічэньне дапамогі для грамадзянскай супольнасьці і і менш на супрацоўніцтва з дзяржавай — дэ-факта нічога не зьмянілася
У Эўрапарлямэнту ёсьць такія мэханізмы, бо ён кантралюе бюджэт ЭЗ. Але проста так казаць і спыняць гэтую дапамогу, выкарыстоўваючы гэта як нейкую форму пакараньня Беларусі — вельмі дурная сытуацыя. То бок трэба хутчэй завязваць структуру гэтай дапамогі на тую стратэгію, якую ЭЗ жадае рэалізоўваць у адносінах да Беларусі і якія мясцовыя актары, маючы свае ўласныя стратэгіі, разам з ЭЗ выбудоўваюць стратэгію зьменаў у адносінах у Беларусі. Ну тады вось такія крокі маюць нейкі сэнс.
І яшчэ крытычная заўвага да гэтай заявы. Калі прааналізаваць тое, што адбывалася пасьля 2010 году, пасьля падзеяў 19 сьнежня, то шмат хто заяўляў пра неабходнасьць менавіта такіх зьменаў, павелічэньне дапамогі для грамадзянскай супольнасьці, грошай, якія ідуць на падтрымку дэмакратыі, апазыцыі і менш на супрацоўніцтва з дзяржавай — дэ-факта нічога не зьмянілася. Ні памеры гэтай дапамогі, ні структура. Таму казаць, што гэта прыводзіць да нейкіх фізычных зьменаў, немагчыма.
Ганна Соўсь: Праўдападобна, што тая сытуацыя можжа быць і цяпер?
Андрэй Ягораў: Канешне. Я б нават сказаў, што часам, гэта не заўсёды так гуляе, але часам скарачэньне агульнай каапэрацыі зь дзяржавай вядзе да меншай колькасьці грошай, якія выдаткоўваюцца на грамадзянскую супольнасьць, і ўвогуле проста скарачаецца аб’ём падтрымкі. І праз гэта краіна не атрымлівае таго, што магла б. Пры тым, што фактычна для Беларусі гэта вельмі малыя грошы. Не надта сур’ёзна казаць пра тое, што гэтая дапамога тут на нешта вельмі моцна ўплывае, таму што яе агульны аб’ём для Беларусі — штосьці там 120-130 мільёнаў на год. Што не вырашае ніякіх сутнасных праблем.
«Вельмі мала хто інвэстуе ў Беларусь толькі дзеля Беларусі»
Ганна Соўсь: Даніэль Крутцына, я хацела бы, каб вы далі сваю ацэнку сытуацыі ў Беларусі з пункту гледжаньня бізнэсу і замежных інвэстыцый. Беларусь, на думку шматлікіх экспэртаў, лічыцца непрывабным рэгіёнам для замежных інвэстыцый. Што перашкаджае Беларусі разьвівацца, якія барʼеры існуюць для замежных інвэстыцый, і чаму?
Беларусь робіцца цікавай як лякацыя для інвэстыцый, калі яе разглядаюць у межах доступу да рынку Эўразійскага саюзу
Даніэль Крутцына: Насамрэч зараз рэгіён у цэлым ня самы просты. Ёсьць фактары, якія стрымліваюць інвэстыцыі ў Расею. Усё ж Беларусь у зьвязку з Эўразійскім саюзам дастаткова шчыльна інтэграваная. Гэта проста недахоп рэформаў у Расеі, эканамічных дывэрсыфікацый, эканоміка Расеі, якая дагэтуль знаходзіцца пад уплывам цэнаў на сыравіну. І гэта, канешне, ўсё ўзьдзейнічае на Беларусь. Таму што вельмі мала хто інвэстуе ў Беларусь толькі дзеля Беларусі. Беларусь робіцца цікавай як лякацыя для інвэстыцый, калі яе разглядаюць у межах доступу да рынку Эўразійскага саюзу. Тут у многіх замежных інвэстараў ёсьць сумневы. Пабудую я завод у Расеі ці ў Беларусі, ці буду я мець у Беларусі абсалютна роўны доступ да рынкаў усяго Эўразійскага саюзу, калі я інвэстую там?
Таксама ёсьць пытаньні з пункту гледжаньня гандлю і Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Таму што Расея ўступіла ў СГА, яна ў яе рамках будзе зьніжаць бар’еры па доступу па многіх таварных катэгорыях для замежных тавараў, але ўзамен атрымлівае доступ для сваіх тавараў на замежных рынках і можа абскардзіць мэханізм СГА, калі яна чымсьці незадаволеная ў камунікацыі з іншымі краінамі. Беларусь аказваецца ў сытуацыі, калі Беларусь нікуды не ўступіла сама, значыць ня мае прывілеяў для сваіх тавараў, але замежны тавар праз Расею могуць дастаткова лёгка паступіць на беларускі рынак. Таму атрымліваецца няроўнасьць адносінаў у межах Эўразійскага Саюзу, дзе інвэстар думае, ці буду я карыстацца беларускай пляцоўкай ці ўсё-такі ісьці лепш у рэгіёны Расеі, дзе ён упэўнены, што мае доступ да расейскага рынку і няма дыскрымінацыі да сваіх тавараў.