Міністэрства сувязі ня будзе ўводзіць збор з апэратараў мэсэнджэраў Skype і Viber «асобна ад іншых краінаў», перадае Tut.by заяву міністра сувязі Сяргея Папкова.
Паводле міністра, Беларусь «назірае за досьведам іншых краінаў і Міжнароднага саюзу электрасувязі»:
«Будзем рухацца разам з сусьветным рашэньнем. Асобна мы прымаць ня будзем. Мы ня будзем стаяць з кувалдай над галавой і нешта адсякаць», — заявіў Папкоў.
Пляны абкласьці падаткам апэратараў мэсэнджараў не агучваліся апошнім часам у іншых краінах, акрамя Беларусі. Падобныя пляны ў 2013 годзе меў францускі орган рэгуляваньня электронных камунікацыяў і паштовых паслуг (ARCEP), але пасьля некалькіх гадоў спрэчак лёс францускага «падатку на Skype» застаецца нявызначаным, апэратары мэсэнджараў не пагаджаюцца рэгістравацца ў якасьці апэратараў сувязі.
У Беларусі тым часам таксама прыдумалі падатак на музыку ў інтэрнэце, мабільныя праграмы і анлайн-гульні, але яго пакуль не прынялі.
Skype і Viber, таксама як іншыя сродкі IP-тэлефаніі, мусілі заблякаваць у Беларусі згодна з указам Лукашэнкі, але ўказ скарэктавала ніжэйшая інстанцыя: Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце «растлумачыў» указ такім чынам, што дазволіў IP-тэлефанію пасьля рэгістрацыі ў спэцыяльным рэестры.
Праграмы кшталту Skype і Viber дазваляюць ня толькі весьці перапіску, але і рабіць аўдыё- і відэатэлефанаваньні як да карыстальнікаў праграмаў, так на мабільныя і гарадзкія тэлефоны (пры гэтым магчымае махлярства, будзьце пільнымі). Але сувязь праз Skype і Viber слаба абароненая ад узлому хакерамі і спэцслужбамі — існуюць больш бясьпечныя альтэрнатывы, у тым ліку з аўдыё- і відэасувязьзю.