У Заводзкім судзе Менску ў другой палове дня 7 красавіка пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.
Разгледзеўшы справу ў адсутнасьць абвінавачванага, судзьдзя Някрасава выйшла для прыняцьця рашэньня, абвяшчэньне якога аднесла на раніцу 10 красавіка.
Сёньня быў агучаны вэрдыкт — штраф у памеры 50 базавых велічыняў, максымальны з прадугледжаных часткай 3 артыкулу 23.34 КААП (ад 20 да 50 базавых велічыняў). У матэрыялах справы зафіксаваныя тры адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у абароне Курапатаў.
Сам Аляксей Янукевіч у час працэсу знаходзіцца за межамі Беларусі, карэспандэнт Свабоды застаў яго па тэлефоне ў Вене.
Раней лідэр Партыі БНФ прапанаваў суду перанесьці разгляд справы на іншы дзень у сувязі са службовай выправай на міжнародную канфэрэнцыю. Але судзьдзя ў хадайніцтве адмовіла. Наадварот, запатрабавала аформіць яму прымусовы прывод на судовае пасяджэньне.