Супрацоўніца Швэдзкага інстытуту Юлія Лапіцкі, беларуска, якая шмат гадоў жыве і працуе ў Стакгольме, кажа, што ў цэнтры гораду не працуе грамадзкі транспарт, а людзей просяць не выходзіць на вуліцы.
Вядома, што ў самым цэнтры Стакгольма грузавік урэзаўся ў натоўп людзей. Пацьверджаная сьмерць 3 чалавек. Ёсьць шматлікія параненыя.
«Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая. Паведамляецца, што затрымалі аднаго чалавека, але не зразумела, ці гэта зьвязана з атакай, — распавядае Юлія Лапіцкі. — Гэты грузавік быў сёньня ўдзень скрадзены. Ён належыць вялікай кампаніі — вытворцу напояў. Вуліцы цэнтральнага Стакгольму перакрытыя, грамадзкі транспарт, а гэта і мэтро, і цягнікі, ня ходзіць».
Юлія распавядае, што пра лёс кіроўцы грузавіка яшчэ нічога не вядома. Афіцыйных паведамленьняў пра тое, ці гэта была тэрарыстычная атака, таксама пакуль няма.
«Дротнінгатан — гэта самы цэнтар Стакгольму, 300-400 мэтраў ад цэнтральнага вакзалу. Грузавік уехаў у „Алем“ — гэта вельмі вялікая крама. Як ГУМ у Менску. Там заўсёды вельмі шмат людзей, гэта бізнэсовы цэнтар Стакгольму. Для атакі відавочнае месца», — кажа Юлія.
Паводле Юліі Лапіцкі, пасьля нападу швэдзкае грамадзтва будзе адчуваць сябе ў большай небясьпецы. Яна, аднак, засьцерагае ад пасьпешлівых заяваў, у якіх тэрарыстычныя напады і злачыннасьць увогуле тлумачацца мультыкультуралізмам.
«Так, у расейскіх мэдыях часта паказваюць эмігранцкія раёны Стакгольму як канфліктную зону ледзьве не з вайсковым рэжымам. Але гэта цалкам не адпавядае рэчаіснасьці, — тлумачыць Лапіцкі. — Злачыннасьць у Швэцыі знаходзіцца на ўзроўні 2005 году. Быў спад, цяпер яна трошкі ўздымаецца, але застаецца на ўзроўні да таго моманту, як у Швэцыю прыехала 160 тысяч мігрантаў. Зразумела, што ёсьць праблемы. Але гэта праблемы сацыяльна-эканамічнага характару. Моладзь учыяне злачынствы, бо жыве ў бедных раёнах. Гэта трэба разумець і не паддавацца расісцкім нападкам».