Зранку 6 красавіка ЗША атакавалі ракетамі авіябазу Шайрат сілаў прэзыдэнта Башара Асада ў Сырыі ў адказ на меркаванае ўжываньне хімічнай зброі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у тэлевізійным звароце патлумачыў прычыны атакі.
Раптоўны ўдар адзначыў рэзкі разварот у палітыцы Трампа, які летась вёў кампанію супраць уцягненьня ў канфлікты на Блізкім Усходзе, што ішла пад лёзунгам «Амэрыка перадусім».
Але пасьля меркаванага ўжываньня войскамі Асада нэрвова-паралітычнага газу на кантраляваным паўстанцамі сырыйскім мястэчку Хан-Шайхун у правінцыі Ідліб, у выніку якога загінулі сама меней 86 чалавек, Трамп заявіў, што ён быў узрушаны фатаздымкамі забітых дзяцей і што гэта «перайшло шмат межаў».
Напярэдадні атакі Трамп заявіў, што Асад мусіць сваю пакінуць пасаду, а дзяржсакратар ЗША заявіў, што «Асад страціў права кіраваць народам Сырыі». Пасьля ж атакі Трамп сказаў у кароткім тэлевізійным звароце:
«Сырыйскі дыктатар Башар аль-Асад учыніў жудасны напад з ужываньнем хімічнай зброі на нявінных цывільных асобаў. — З дапамогай сьмяротнага нэрвова-паралітычнага агенту Асад забраў жыцьці безабаронных мужчын, жанчын і дзяцей. Гэта ў жыцьцёва важных інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў, дзеля прадухіленьня і стрымліваньня распаўсюду і выкарыстаньня сьмяротнай хімічнай зброі».
Трамп у звароце абвінаваціў Асада ў парушэньні нормаў міжнароднага права і заклікаў «усе цывілізаваныя краіны» далучыцца да ЗША ў імкненьні пакласьці канец «бойні і праліцьцю крыві» ў Сырыі.
«Мы спадзяёмся, што пакуль Амэрыка стаіць за справядлівасьць, то мір і гармонія ўрэшце перамогуць», — вывеў Трамп.
Гэта першая мэтанакіраваная атака на аб’екты Башара Асада. Да гэтага кааліцыя на чале з ЗША наносіла ўдары толькі па цэлях, што пад кантролем тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». У верасьні мінулага году самалёты кааліцыі бамбавалі пазыцыі войскаў Асада ў Дэйр-эз-Зора, але пазьней гэтую атаку ў Пэнтагоне назвалі «сумнай памылкай».
Каманда дасьледчыкаў Conflict Intelligent Team (CIT) адзначае: атакаваную цяпер базу Шайрат крыніцы ва ўзброенай апазыцыі лічаць месцам, адкуль вылецелі самалёты Су-22, што несьлі на борце хімічную зброю. ЗША афіцыйна пацьвердзілі, што лічаць рэжым Асада вінаватым ва ўжываньні газу, падобнага да зарыну, пры ўдары па правінцыі Хомс.