Актывісты партыйных арганізацыяў у Горадні — БНФ, АГП, БСДГ — правялі 13 сакавіка прэс-канфэрэнцыю, на якой было заяўлена, што па выніках «круглага стала» ў мінулую пятніцу ў Горадні насамрэч ніякага дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі не адбылося.
І пацьверджаньнем гэтаму, як сказаў кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў — сёньняшнія суды над 11 удзельнікамі гарадзенскага «Маршу недармаедаў», які прайшоў 19 лютага.
Паводле Саранчукова, улады ў сьпешным парадку імкнуцца асудзіць актывістаў, каб зьбіць акцыі пратэсту. Але, паводле яго, нават калі сёньня ўсіх пасадзяць на суткі, мітынг, які раней плянаваўся на 15 сакавіка ў парку Жылібэра і які забаранілі гарадзкія ўлады, усё роўна адбудзецца.
У заяве прагучаў заклік да гарадзенцаў прыйсьці на мітынг і кожнаму быць гатовым у такой сытуацыі па магчымасьці станавіцца лідэрам.
Актывіст БХД Сяргей Верамеенка зачытаў журналістам зварот да консульскіх прадстаўніцтваў Польшчы і Літвы ў Горадні. Дыпляматаў запрашаюць наведаць сёньня Ленінскі суд Горадні, дзе будуць разглядаць справы 11 удзельнікаў «Маршу недармаедаў», а таксама прыйсьці на несанкцыянаваны мітынг, які плянуецца правесьці ў Горадні 15 сакавіка.
— Мы запрашаем прадстаўнікоў консульскіх устаноў Польшчы і Літвы ў суд і на мітынг з мэтай, каб яны правялі маніторынг парушэньня правоў грамадзян у Беларусі і данесьлі гэтую інфармацыю да Эўразьвязу.