Бабруйску, Воршы і Рагачове, дзе мерапрыемствы былі абвешчаныя загадзя, у цэнтр гораду выйшлі ад 500 да 1000 чалавек. У Берасьці акцыя не анансавалася, у ёй паўдзельнічалі каля 60 чалавек.
Большасьць удзельнікаў акцыяў ува ўсіх гарадах — пэнсіянеры, якія не трапляюць пад дзеяньне дэкрэту № 3, але абураюцца, што іхныя дзеці і ўнукі ня могуць працаўладкавацца. Шмат людзей абураліся тым, што дзяржаўнае тэлебачаньне не асьвятляе пратэсты супраць дэкрэту № 3, якія ахапілі ўсю Беларусь.
Ва ўсіх гарадах вулічныя акцыі адбыліся практычна без арганізатараў і палітычных лідэраў, ахвочыя выказацца проста падыходзілі да гукаўзмацняльнай апаратуры, мікрафонаў журналістаў і расказвалі, чаму яны выйшлі пратэставаць. Толькі ў Воршы на мітынгу прамаўляў сустаршыня БХД Павал Севярынец, пасьля акцыі яго затрымалі.
Бабруйск — «Бабры не рабы!»

Акцыя супраць дэкрэту №3 у Бабруйску 12 сакавіка 2017
Акцыя прайшла зь вялікай колькасьцю плякатаў са слёганамі: «Бабры не рабы», «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Нет декрету № 3! Лукашенко, уходи!», «Заплаці падаткі і сьпі галодным», «Дэкрэту — не, працы — так», «Разам — мы сіла».
Людзі наракалі на немагчымасьць уладкавацца на працу, на маленькія пэнсіі, платныя мэдычныя паслугі, высокія цэны на прадукты, высокую сьмяротнасьць ад анкалёгіі, а таксама хлусьню ў СМІ. Усе, хто гаварыў, згодныя, што «ўладу трэбя мяняць».
Падчас акцыі гучалі споклічы: «Нет декрету № 3! Лукашенко, уходи!», «Баста!», «Жыве Беларусь!».
На мітынгу выступіў былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч. Ён заклікаў не палітызаваць акцыю, выкарыстоўваць спокліч «Баста!» у знак пратэсту супраць усё новых і новых падаткаў. «Неўзабаве з нас будуць браць за тое, што мы проста ходзім па зямлі Беларусі», — сказаў ён.
Жанчына плача на акцыі ў Бабруйску 12 сакавіка 2017 году
Адна з удзельніц, жанчына сярэдняга веку, пачала плакаць проста перад камэрамі журналістаў, скардзячыся, што «так жыць далей немагчыма»: «У мяне гістэрыка! Лукашэнка павінен сесьці й падумаць, як нам жыць. У 90-я гады было нашмат лепш. Я столькі год жыву ў гэтым горадзе, але так кепска ніколі не было. Я ня ведаю, як жыць далей».
Бабруйскі «Марш недармаедаў» у 10 фота
Берасьце — шэсьце па цэнтры гораду
Каля 60 чалавек сабраліся на цэнтральнай плошчы ў Берасьці. Пасьля абмеркаваньня далейшых дзеяньняў яны прайшлі шэсьцем па вуліцы Савецкай і разышліся. Арганізатары шэсьця мелі гукаўзмацняльную апаратуру, празь якую абвесьцілі пра чарговыя акцыі «недармаедаў» — 25 сакавіка ў Менску і 26 сакавіка — ва ўсіх гарадах Беларусі.
Ворша — больш за 20 затрыманых, у тым ліку незалежныя журналісты
Інфармацыя пра затрыманьні ў Воршы стала зьяўляцца ад самай раніцы. Ператрусы адбыліся ў кватэрах актывіста Канстанціна Анташкевіча і журналіста «Радыё Рацыя» Арцёма Сізінцава. Таксама прэвэнтыўна быў затрыманы рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Гавары праўду!» Ігар Грышанаў. Незадоўга да акцыі затрымалі журналіста «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна і журналістку БелаПАН Адар’ю Гуштын, якіх выпусьцілі пасьля завяршэньня акцыі.
Людзі, якія спачатку прыйшлі на цэнтральную плошчу, вырашылі рушыць да будынку гарадзкой адміністрацыі. Там да іх выйшлі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў і нават запрасілі ў залю. На што быў адказ: «Пайшлі прэч!».
Мітынг на прыступках гарадзкой адміністрацыі ў Воршы, 12 сакавіка 2017 году
Мітынг каля гарадзкой адміністрацыі ў Воршы ўзначаліў Павал Севярынец: «Людзі ня могуць пракарміць свае сем’і. Дэкрэт № 3 — гэта была апошняя кропля. Але цяпер мы патрабуем ня толькі яго скасаваньня, мы патрабуем, каб гэты рэжым-банкрут сышоў. Нам не патрэбныя Лукашэнка, Качанава, Кабякоў, Лісоўскі».
Удзельнікі падтрымалі Севярынца, скандуючы: «Далоў халуёў», «Жыве Беларусь!», «Баста», «Нет декрету № 3! Лукашенко, уходи!». Севярынец заклікаў аршанцаў далучацца да акцыяў 15 і 25 сакавіка ў Менску: «Вырашацца ўсё будзе ў сталіцы. 15 і 25 сакавіка мы павінны праявіць салідарнасьць». Пасьля акцыі Севярынец быў затрыманы.
«Марш недармаедаў» у Воршы ў 10 фота
Таксама ў РУУС даставілі цэлы шэраг незалежных журналістаў: Галіна Абакунчык з «Радыё Свабода», Андрэй Шаўлюга зь БелаПАН, Кацярына Бахвалава і Аляксандар Баразенка зь «Белсату». Усіх, апроч Кацярыны Андрэевай і Галіны Абакунчык, празь некаторы час выпусьцілі. Магчыма, затрыманым журналісткам пагражае адміністрацыйны арышт.
Рагачоў — «Мы Лукашэнку выбралі, а ён нам здрадзіў»
На акцыі ў Рагачове сярод удзельнікаў акцыі адбылося некалькі гарачых спрэчак. Некаторыя людзі спрабавалі даказаць, што «пытаньне з дэкрэтам № 3 вырашана», і «няма ніякага сэнсу тут пратэставаць».
У адказ на такія словы чулася, што «гэта людзі, чые дзеці працуюць чыноўнікамі і міліцыянтамі». Праблемы ў Рагачове такія ж, як і ў іншых гарадах Беларусі, — беспрацоўе, нізкія заробкі і пэнсіі. Людзі ня вераць, што Лукашэнка адмяніў дэкрэт № 3, і просяць даць працу іхным дзецям і ўнукам.
Шэсьце ў Рагачове падчас акцыі супраць дэкрэту №3, 12 сакавіка 2017 году
Людзі прызнаваліся, што на выбарах прэзыдэнта галасавалі за Лукашэнку, але ён іх расчараваў, ня выканаў ніякіх сваіх абяцаньняў: «Калі прэзыдэнт ня можа выканаць тое, што ён павінен, ён мусіць сысьці. Мой муж і сын езьдзяць у Расею. Мы выбіралі прэзыдэнта, каб ён нас адстойваў. А тут такое адчуваньне, што ўлада і народ жывуць у розных дзяржавах. Але наўрад ці ўлады паслухаюцца. Будуць пагражаць людзям, каб не хадзілі на акцыі».
Рагачоўскі «Марш недармаедаў» у 10 фота
Ад некаторых удзельнікаў гучала інфармацыя, што ім пагражалі звальненьнем, калі будуць заўважаныя на акцыі.
Напярэдадні маршаў «Мы не дармаеды» затрымалі больш за 20 чалавек, у тым ліку старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага (ім прысудзілі па 15 сутак) і лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову (7 сутак).