У інтэрвію Свабодзе Натальля Папкова сказала, што яе зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь, каб спыніць яе грамадзкую дзейнасьць і не дапусьціць да ўдзелу ў Маршы недармаедаў 5 сакавіка ў Берасьці. Але гэта марныя намаганьні, сказала Папкова:
«Я шмат сіл уклала ў змаганьне і пасьля гэтага выпадку буду працаваць з павышанай актыўнасьцю».
Натальля дадала, што ў шпіталі яна адзін дзень (у пятніцу) галадала, піла толькі ваду.
— Я зьвязаная з АГП толькі фармальна. Асноўную частку часу я каардыную рух «Маладая Беларусь» у Берасьці. Я ведаю, што АГП выдала заяву пасьля майго затрыманьня, патрабавалі вызваліць. Але я атаясамліваю сябе з «Маладой Беларусьсю».
— Які ваш статус?
— Мяне проста адпусьцілі зь лячэбніцы. Ніякіх пратаколаў, ніякіх папер я не падпісвала.
— Ці будзеце абскарджваць затрыманьне?
— Калі будзе час, то буду абскарджваць.
— З чым зьвязваеце затрыманьне?
— З «Маршам недармаедаў». Я адна з арганізатараў. Улады не хацелі, каб я трапіла на акцыю 5 сакавіка. Таму і затрымалі.
— Што далей будзеце рабіць?
— Працаваць. 8 сакавіка еду ў Менск на канцэрт BRUTTO, а 25 сакавіка — буду на акцыі ў Менску.
Натальлю Папкову затрымалі 3 сакавіка, а 5 сакавіка ў Берасьці адбыўся «Марш недармаедаў». Жанчына актыўна ўдзельнічала ў папярэдняй акцыі супраць дэкрэту № 3, які адбыўся ў Берасьці 26 лютага.
6 сакавіка каля 14.00 Натальлю Папкову выпусьцілі з псыхіятрычнай лякарні.