Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці чакаюць вырашэньня лёсу затрыманых Андрэя Шарэнды і Натальлі Папковай


Натальля Папкова ў шпіталі. 5 сакавіка 2017 году
Натальля Папкова ў шпіталі. 5 сакавіка 2017 году

Ленінскі суд Берасьця мае разгледзець адміністрацыйную справу берасьцейскага актывіста Андрэя Шарэнды, якога затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар 3 сакавіка. Мэдычная камісія лякарні будзе ацэньваць псыхічны стан Натальлі Папковай, якую прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычны стацыянар.

Пытаньне аб вызваленьні прэвэнтыўна затрыманых Андрэя Шарэнды і Натальлі Папковай задавалася напярэдадні пратэстоўцамі старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандру Рагачуку. Чыноўнік паведаміў, што іх вызваленьне не ў ягонай кампэтэнцыі, але абяцаў узяць гэтае пытаньне «на кантроль».

Натальля Папкова падчас мінулага «Маршу недармаедаў» у Берасьці, 26 лютага 2017 году
Натальля Папкова падчас мінулага «Маршу недармаедаў» у Берасьці, 26 лютага 2017 году

Андрэй Шарэнда падчас мінулай акцыі недармаедаў у Берасьці
Андрэй Шарэнда падчас мінулай акцыі недармаедаў у Берасьці

Паліна Шарэнда-Панасюк, жонка затрыманага Андрэя Шарэнды, паведаміла карэспандэнту Свабоды, што суд над яе мужам павінен адбыцца а 12 гадзіне ў Ленінскім раённым судзе Берасьця.

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

У часе ўчарашняга Маршу недармаедаў Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла перад пратэстоўцамі і заклікала заўтра падтрымаць Андрэя на судзе:

«Андрэй Шарэнда мінулым разам павёў вас па вуліцы Савецкай. Яго схапілі і цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС. 6 сакавіка а 12 гадзіне над ім будзе так званы суд. Яны будуць яго судзіць паводле сваіх законаў. Я заклікаю ўсіх, хто зможа, прыйдзіце, калі ласка, падтрымайце чалавека, які ішоў за вас», — заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк у часе акцыі.

Таксама 6 сакавіка адбудзецца пасяджэньне мэдычнай камісіі ў псыхіятрычнай лякарні, дзе прымусова ўтрымліваецца ўдзельніца берасьцейскага Маршу недармаедаў Натальля Папкова. Мэдычная камісія мае ацаніць псыхічны стан 30-гадовай дзяўчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG