Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у адмысловай заяве адзначыў, што сытуацыя з будаўніцтвам бізнэс-цэнтру побач з урочышчам Курапаты «як сьнежная лявіна, пачала выходзіць з-пад кантролю і пагражаць эскаляцыяй сацыяльнай напружанасьці».
Кандрусевіч кажа, што сытуацыя, якая склалася сёньня вакол Курапатаў, ніколі б ня ўзьнікла, калі б пасьля адкрыцьця парэшткаў забітых у Курапатах людзей былі зробленыя адпаведныя дасьледаваньні і была канкрэтна абазначаная тэрыторыя пахаваньняў.
Паводле Кандрусевіча, Курапаты — гэта Галгота ХХ стагодзьдзя беларускага народа. Курапаты «павінны стаць нацыянальным Мэмарыяльным комплексам у памяць пра нявінна загінулых».
«Мы павінны памятаць сваю гісторыю, якой бы складанай яна не была. Не для таго, каб разьдзіраць зарубцаваныя раны і пасыпаць іх сольлю, а каб захаваць сябе ад падобных няшчасьцяў у будучыні і будаваць цывілізацыю жыцьця, любові і міру. Могілкі — гэта сьвятое месца, якое неабходна паважаць. На іх мы молімся аб вечным супакоі там пахаваных. Учынім жа ўсё магчымае, каб іх не трывожыць», — падкрэсьліў ён.
Кандрусевіч заклікае прадстаўнікоў улады забудоўнікаў, мясцовых жыхароў і абаронцаў Курапатаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнаньняў і юрыстаў «у адкрытым і шчырым дыялёгу, а не праз эмоцыі, шукаць прымальнага ўсімі вырашэньня ў гэтай узьніклай і хвалюючай наша грамадзтва праблеме».