«Наступную масавую акцыю пратэсту трэба рыхтаваць у Дзень Волі», — арганізатары гомельскага «Маршу недармаедаў»

Марш недармаедаў у Гомелі, 19 лютага 2017 году

«Калі ўлада змаўчыць на нядзельную акцыю пратэсту і ня будзе станоўчай рэакцыі, заклічам гараджанаў выйсьці на плошчу 25 сакавіка, на Дзень Волі».

Пра гэта заявіў намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, сябра аргкамітэту па падрыхтоўцы «Маршу недармаедаў», які адбыўся ў Гомелі 19 лютага.

Васіль Палякоў

«Будзем сачыць за рэакцыяй уладаў, — кажа палітык. — Празь нядзельны марш гамельчукі сказалі сваё слова: „Мы не рабы!“ Вядома, нейкі час пачакаем. Спадзяёмся на пазытыўныя зьмены. Дэкрэт трэба адмяняць альбо хоць бы спускаць на тармазах. У гэты час працягнем зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту. Накіруем іх у Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў. Копіі перададзім дэпутату парлямэнту ад АГП Ганьне Канапацкай, каб падмацаваць яе довады ў парлямэнце на скасаваньне дэкрэту № 3».

Васіль Палякоў сказаў, што апошнім часам дзеяньні ўладаў былі скіраваныя ня столькі на паляпшэньне сытуацыі ў эканоміцы, колькі на ўразаньне сацыяльных праграмаў. Дэкрэт № 3 стаў апошняй кропляй.

Улады самі штурхаюць людзей на вуліцы, і беларусы паказалі, што гатовыя бараніць свае правы.

«Найпершы „арганізатар“ акцыяў пратэсту — улада»

Яшчэ адзін сябар аргкамітэту гомельскага «Маршу недармаедаў», грамадзкі актывіст і палітык Уладзімер Кацора заявіў, што пасьля нядзельнай акцыі найпершая задача гараджанаў — падтрымаць 21 лютага ў судзе Аляксандра Сямёнава.

Уладзімер Кацора

Сямёнаў накіраваў пазоў супраць падатковай інспэкцыі Цэнтральнага раёну, якая патрабуе ад яго сплаціць «дармаедзкі» збор. У Сямёнава дзьве вышэйшыя адукацыі, але, паколькі яму больш за пяцьдзясят, на працу яго браць не жадаюць.

«Пагаджаюся з думкаю, — кажа Кацора, — што наступную масавую акцыю пратэсту трэба рыхтаваць менавіта ў Дзень Волі, калі ўлады не парупяцца адмяніць дзеяньне дэкрэту „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“. Як паказаў нядзельны досьвед, у інфармаваньні гараджанаў пра маючыя адбыцца акцыі пратэсту добра памагаюць праз сацыяльную сетку блогеры. У нашым канкрэтным выпадку гэта былі найперш Максім Філіповіч ды Дзьмітры Сабураў. Варта падключаць блогераў да ўдзелу ў падрыхтоўцы маршаў і мітынгаў».

Паводле палітыка, найлепшым «арганізатарам» акцыяў пратэсту стала сама ўлада, якія давяла эканамічную сытуацыю ў краіне да сыстэмнага крызісу».

«Мясцовыя органы ўлады, убудаваныя ў жорсткую „вэртыкаль“, адэкватна не змаглі рэагаваць на сытуацыю. Яны безыніцыятыўныя, баязьлівыя. У выніку „лісты шчасьця“ атрымлівалі нават грамадзяне, якія даўно паўміралі, што выклікала заканамернае абурэньне ў родных і сваякоў», — сказаў Уладзімер Кацора.

***

У Гомелі 19 лютага адбыўся «Марш недармаедаў» супраць дэкрэту № 3, у якім бралі ўдзел каля дзьвюх тысяч чалавек.

Гэта быў самы масавы пратэст з пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя.