У музэі «Пружанскі палацык» адбылася імпрэза да ўсясьветнага Дня роднай мовы. У часе мерапрыемства ў Пружанах выступілі паэтка Антаніна Хатэнка і сьпявачка Тацьцяна Грыневіч.
На літаратурна-музычную сустрэчу ў гонар роднай мовы ў палацык прыйшлі каля 30 мясцовых жыхароў.
Антаніна Хатэнка пачытала свае вершы, паразважала пра мову, пра сувязь з продкамі і роднай зямлёй:
«Мова... Яна такая ў нас цяпер разьмежаваная — нехта так гаворыць, нехта так. Але хочам мы ці ня хочам, мова нас абдымае, бо мова вечная, яна ад зямлі і нябёсаў. Сёньняшнюю нашу сустрэчу мы эпіграфавалі радком Уладзімера Караткевіча — „Усё будзе вечна тваё, што ты аддаў“. Пакуль чалавек здатны аддаваць — ён шчасьлівы».
Спадарыня Хатэнка ў часе свайго выступу выказала шкадаваньне, што дагэтуль у беларусаў застаецца падзел на «каталікоў-палякаў і праваслаўных-рускіх».
Пружанская паэтка Ніна Дыдышка расказала, што сустрэча прымусіла задумацца яе пра свае карані:
«Анатаніна Хатэнка мне падабаецца сваёй харызмай, зь ёю можна глядзець у будучыню, але і азіраючыся на мінулае, на карані, якія мы маем. Сёньня мяне ўразіла яе думка пра рэлігійны падзел беларусаў. Я сама задумалася, бо мой бацька паходзіў са шляхты, і ў нашых мясьцінах такіх людзей называлі палякамі. І мне тады, у малыя гады, здавалася, што, мусіць, трэба быць палякам. Але бацька мой вельмі любіў музыку па-беларуску, слухаў і казаў, што няма лепшай музыкі за беларускую.»
Тацьцяна Грыневіч пасьпявала беларускія песьні, распавяла пра выданьне дыскаў зь вершамі клясычных і сучасных беларускіх паэтаў.
Завершылася сустрэча палянэзам Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай» у выкананьні Тацьцяны Грыневіч.
Як сказаў Свабодзе дырэктар музэю «Пружанскі палацык» Юры Зялевіч, моўныя сустрэчы, прымеркаваныя да ўсясьветнага Дня роднай мовы, адбываюцца ў палацыку штогод:
«Сёньня — гэта творчая сустрэча з паэткай Анатанінай Хатэнкай і сьпявачкай Тацьцянай Грыневіч, летась у нас быў „спарынг“ паміж знаўцамі беларускай мовы. Я лічу, што такія імпрэзы павінны быць, і праводзіцца мусяць больш шырока. Ня толькі ў музэях, але і іншых установах культуры, школах. Трэба прыцягваць увагу да праблемаў мовы, бо яны сапраўды існуюць. Апроч таго, наша імпрэза прымеркаваная да пяцісотгодзьдзя — 500 гадоў таму Францыск Скарына распачаў беларускае кнігадрукаваньне. Зараз у нашым музэі адбываецца выстава беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя».