11 лютага яны ўпершыню праходзілі ў нядаўна адкрытым цэнтры беларускай мовы па вуліцы Кірава, 3.
Мама з пяцігадовым Ягоркам подбегам агібаюць інтэрнат на рагу вуліц Сялянскай і Кірава. Да будынку, дзе месьціцца цэнтар беларускай мовы, застаецца нейкіх мэтраў пяцьдзесят.
«Няёмка ж спазьняцца нават на дзьве хвіліны! — тлумачыць на хаду маці. — Мы ж першы раз. І заняткі сёньня першыя».
У пакоі, дзе месьціцца цэнтар, сабралася больш за дзесятак юных гамельчукоў. Гэта наймаладзейшая група: хлопчыкам і дзяўчынкам ад нараджэньня 3–6 гадоў.
Старшыня гарадзкой суполкі ТБМ, выпускніца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Алеся Аўласевіч з калегам Яўгенам Якавенкам рассаджваюць дзятву вакол стала.Пачынаецца знаёмства. Хто атрымаў у рукі «кароўку», мяккую плюшавую цацку, той называе сваё імя і адначасова распавядае, якія стравы спажываў на сьняданак. Калі хтосьці з малышні згадвае «чай», Алеся папраўляе: «Давайце гаварыць „гарбату“».
Праз кашу, макароны, гарбату і адбываецца знаёмства. Дзеці запамінаюць, што грэчневую кашу елі Маша, Даша, Піліп, макароны — Мая, Данік, Жэня, мяса — Ягор.
На сьветлую сьцяну праз праектар выводзяцца колеры, і дзеці засвойваюць іх: чырвоны, блакітны, памаранчавы. Для замацаваньня ведаў пра стравы, колеры выкарыстоўваюцца мультфільмы, агучаныя па-беларуску. А каб дзеці не стаміліся, Алеся й Яўген прапануюць 3-хвілінныя танцы — зноў-такі пад рытмічную беларускую песеньку.
«Я сама распрацоўвала праграмы для малодшай і старэйшай групаў, — тлумачыць Алеся Аўласевіч. — Маючы пэдагагічны досьвед, пераканалася, што дзеці найбольш засвойваюць веды праз гульню, загадкі, розныя цікавосткі. Усё гэта імкнёмся выкарыстоўваць на занятках гурткоў «Мова дзяцей». Іншы раз бяру нейкія тлумачэньні з перадачаў на Свабодзе „Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам“».
Аня Карніенка, якая прывяла дачку Алёну на заняткі ў цэнтар беларускай мовы, проста захапляецца тым, як праводзяцца заняткі:
«Лёгка, ненавязьліва, з выдумкай — так і павінны дзеці вучыцца роднай мове. Мадэратары проста малайцы. Я калісьці ў школе мову беларускую мову вывучала, але не карысталася ёю. Таму яна забылася. Зараз сяджу й пра сябе паўтараю пачутыя словы — сама вучу разам зь дзецьмі. Без мовы мы не нацыя, не народ. Упэўнена, што да таго часу, як дачка падрасьце, наша мова будзе запатрабавана на ўсіх узроўнях».
Кіраўнік абласной рады ТБМ Яўген Яўкавенка, які вядзе для дарослых гурток ужытковай беларускай мовы «Лемантар» і дапамагае арганізаваць заняткі ў гуртку «Мова дзяцей», тлумачыць, што да мінулагодніх трох з паловай дзесяткаў юных аматараў беларускай мовы сёлета ў Гомелі праз заявы бацькоў далучыліся яшчэ сямнаццаць.
Якавенка дадае, што некаторых шасьцігодак, якія наведвалі летась гурток «Мова дзяцей», бацькі аддалі навучацца ў першую клясу на роднай мове ў Беларускую славянскую гімназію імя Івана Мележа.