На выезьдзе з Полацку супрацоўнікі ДАІ затрымалі машыну з 4 асобамі, якія кіраваліся на «Марш абураных беларусаў» у Менск.
Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з пасажыраў машыны, актывіст БХД Генадзь Бердзенеў:
«Нас затрымалі, спаслаўшыся на тое, што „машына выклікае сумневы“. Цяпер мы ў Полацкім ГУУС, складаюць нейкія пратаколы, апытваюць кіроўцу. Таксама кажуць, што трэба выклікаць экспэрта, каб той ацаніў машыну. Кажуць — незразумелы кузаўны нумар, ня могуць яго прачытаць. Гэта поўная лухта, таму што машыне толькі 10 гадоў, яна нядаўна прайшла тэхнічны агляд, езьдзіла ў Эўразьвяз, і ніякіх пытаньняў не ўзьнікала. А тут старшы інспэктар капітан Лапушка нейкім чынам уведаў, што нашу машыну трэба спыніць».
Генадзь Бердзенеў зьбіраў у Полацку подпісы за адмену дэкрэту «аб дармаедах». Затрыманьне машыны зьвязвае зь нежаданьнем уладаў, каб на акцыю сабралася шмат людзей.
Актывіст сказаў, што ня ведае, ці зможа ён разам з паплечнікамі дабрацца да Менску, каб паўдзельнічаць у маршы.