Натальля Качанава перад прыёмам адказала на пытаньні журналістаў, у тым ліку Свабоды. Кіраўніца спраў Лукашэнкі думае, што лічба ў 400 тысяч дармаедаў «недакладная»:
«Яшчэ будуць правяраць, карэктаваць. А гэта толькі лічба апавяшчэньняў, якія разаслала падатковая». Качанава сказала, што ёй не падабаецца слова «дармаед», яна ўжывае «ўтрыманец». Паводле чыноўніцы, на гэтай тэме шмат хто спэкулюе.
Пра заўтрашні марш Натальля Качанава сказала, што ня ведае пра такі і лічыць, што маршамі нічога ня вырашыш.
Асабіста яна падтрымлівае дэкрэт. На просьбу Свабоды расказаць, хто быў ініцыятарам дэкрэту ў адміністрацыі, Качанава адказала, што ня ведае, яна тады не працавала. На пытаньне «А ва ўрадзе?» не адказала.
Першай жа наведніцай прыёму аказалася жанчына з праблемай «дармаедзтва». Людміла Васілеўна расплакалася: яе дачку запісалі ў дармаедкі, хочуць спагнаць зь яе 360 рублёў, а тая летась не працавала, бо зьехала ў Нямеччыну, там выйшла замуж. Качанава паабяцала больш падрабязна разабрацца ў сытуацыі.
Пасьля гэтай жанчыны журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыя папрасілі выйсьці з кабінэту, каб не перашкаджаць прыёму. Прыём вядуць, акрамя Качанавай, старшыня Жодзінскага гарвыканкаму Юры Шары, мясцовы пракурор і яшчэ некалькі чыноўнікаў.
Юры Шары не адказаў на пытаньне Свабоды пра колькасьць «дармаедаў» у Жодзіне. Ён сказаў журналістам:
«Выходзьце, павінна быць субардынацыя».
Усяго на прыём запісалі больш за 20 чалавек, але некаторых не запісалі, бо сьпісы ўжо былі здадзеныя. Гэтым людзям сказалі чакаць, каб трапіць «у парадку жывой чаргі». Такіх у вэстыбюлі гарвыканкаму чакае яшчэ каля 10 чалавек, але людзі ўсё яшчэ падыходзяць.
Караткевіч і Дзьмітрыеў сказалі Качанавай, што трэба скасаваць дэкрэт нумар 3
На прыёме ў Качанавай пабывалі Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, якія запісаліся на прыём. (Дзьмітрыеў — жыхар Смалявіцкага раёну, куды ўваходзіць Жодзіна).
Яны былі на прыёме ў Качанавай больш за 20 хвілін.
Караткевіч сказала Свабодзе пасьля прыёму:
«Качанава на нашу пазыцыю, што мы за адмену 3-га дэкрэту, адказала так: „Адмяніць можна, але дзе ўзяць грошы?“ А мы прыйшлі на прыём, каб давесьці да грамадзтва: калі ты ня згодны з тым, што цябе запісалі ў дармаеды, трэба падаваць заяву ў райвыканкам, не плаціць гэтых грошай, а дамагацца, каб выкрасьлілі са сьпісаў. Калі і гэта не дапаможа, зьвяртацца ў суд. Улады мусяць убачыць, колькі людзей супраць дэкрэту. Яны запісалі 400 тысяч у дармаеды, а самі кажуць, што ёсьць толькі 40 тысяч працоўных вакансіяў. Куды зьбіраюцца падзець астатніх? Увогуле, гэты дэкрэт чарговы раз падзяліў беларусаў, чаго нельга рабіць», — лічыць Тацяна Караткевіч.
Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што гэта абураныя дэкрэтам пра «дармаедзтва» беларусы прымусілі чыноўнікаў арганізаваць такія прыёмы, як праводзіць Качанава.
Дзьмітрыеў выказаўся за тое, каб была створаная працоўная група дзеля распрацоўкі зьменаў у дэкрэт аб «дармаедзтве». Паводле Караткевіч і Дзьмітрыева, Качанава ім здалася «камунікабэльным чалавекам і чыноўніцай», зь якой магчыма весьці дыялёг.