Паўночная Карэя пацьвердзіла запуск балістычнай ракеты

Ілюстрацыйнае фота

Паўночная Карэя пацьвердзіла 13 лютага запуск балістычнай ракеты сярэдняга радыюсу дзеяньня, назваўшы яго «пасьпяховым». Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва KCNA назвала ракету Pukguksong-2 новым выглядам стратэгічнай зброі, здольнай несьці ядзерную боегалоўку.

Паведамляецца, што ракету запусьцілі 12 лютага пад вялікім вуглом з улікам «бясьпекі для суседніх краінаў». «Кіраваў» запускам лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын.

Паведамляецца, што ён выказаў задавальненьне наяўнасьцю «магутнага ядзернага сродку, які дадае значнай магутнасьці дзяржаве».

Прадстаўніцтва місіі ЗША ў ААН паведаміла, што Злучаныя Штаты, Японія і Паўднёвая Карэя ініцыююць правядзеньне тэрміновага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН для абмеркаваньня гэтай сытуацыі.

Украінская місія, якая цяпер старшынюе ў Радзе, паведаміла, што сустрэча, як чакаецца, пачнецца ў другой палове дня 13 лютага.

Нядзельны запуск балістычнай ракеты Паўночнай Карэяй стаў першым такім тэстам пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

У аб’яднаным камітэце начальнікаў штабоў ЗША назвалі запуск «дэманстрацыяй сілы ў адказ на жорсткую пазыцыю новай адміністрацыі ЗША ў дачыненьні да Паўночнай Карэі».

У Белым доме заявілі, што адміністрацыя Дональда Трампа разгледзіць «поўны спэктар» дзеяньняў у дачыненьні да Паўночнай Карэі, у тым ліку фінансавыя санкцыі і павелічэньне ваенна-марскіх сіл у рэгіёне.

Запуск ракеты асудзіў і прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ, які сустракаўся ў Флорыдзе з Дональдам Трампам.

Абэ назваў гэта «абсалютна непрымальным», а Трамп дадаў, што згодзен «на 100 адсоткаў».

Кіраўніцтва Паўднёвай Карэі назвала факт запуску ракеты Паўночнай Карэяй «сур’ёзнай пагрозай» міжнароднай бясьпецы.

NATO і Эўрапейскі зьвяз таксама асудзілі запуск.