«На мой погляд, гэта непазьбежна. Таму што Пуцін вымушаны выбудоўваць савецкую мадэль каштоўнасьцяў, а яна можа існаваць толькі за „жалезнай заслонай“. Гэта адбываецца з трох меркаваньняў. Па-першае, вакол ворагі, таму трэба кансалідавацца. Па-другое, трэба абараняць рэжым і ўтрымліваць людзей, каб не зьяжджалі. Таму ўвядзеньне мяжы павінна было адбыцца ў той ці іншай форме. Па-трэцяе, такія рэжымы вядуць да эканамічнага тупіку, праз што падае міжнародная ўплывовасьць. Таму натуральна, што ад такога рэжыму, як пуцінскі, адыходзяць сатэліты».
Арэшкін адзначае, што ўвядзеньне памежнай зоны паміж Расеяй і Беларусьсю сьведчыць пра тое, што «усе аб’яднальныя постсавецкія ўтварэньні разбураюцца на вачах». Экспэрт таксама дапускае, што ўвядзеньне кантролю магчымае на мяжы з Казахстанам:
«Тое, што адбылося 1 лютага — гэта падрыў, прамы ўдар па Саюзнай дзяржаве. Вядома, дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі была асуджаная на раскол. Лукашэнка, не атрымліваючы фінансавай падтрымкі ад Пуціна, пайшоў па грошы на Захад. І гэта зразумела — няма сэнсу аб’ядноўвацца з такім жа самым бедным расейскім рэжымам. Калі ў савецкія часы такое аб’яднаньне яшчэ можна было б патлумачыць неабходнасьцю бараніцца ад вонкавага ворага, то цяпер ясна, што ніякіх вонкавых ворагаў няма, а ёсьць праблема грошай».
Палітоляг гаворыць, што памежная зона створыць цяжкасьці для расейцаў, якія езьдзяць у Беларусь:
«Страчваючы кантроль над Беларусьсю, Пуцін хоча помсьціць. І помсьціць усім — і сваім грамадзянам, і беларусам. Гэта сур’ёзная праблема, сур’ёзная складанасьць. У тым ліку для грамадзян Расеі, якія езьдзяць у Калінінградзкую вобласьць, у Беларусь. Насамрэч гэта паказвае прыярытэты Пуціна, а яны савецкія: для яго важнейшая дзяржава, а ня людзі».