Палітоляг Аляксандар Класкоўскі назваў увядзеньне Расеяй памежнай зоны на мяжы зь Беларусьсю «крокам Масквы да ўсталяваньня паўнавартаснай мяжы».
«Працэс пайшоў. І цяпер, калі раптам не рассмокчацца такі шматслойны і зацяжны крызіс у двухбаковых дачыненьнях, то, магчыма, празь нейкі час мы ўбачым, паколькі Менск будзе змушаны рабіць сымэтрычныя крокі, працэс выбудоўваньня нармальнай міждзяржаўнай мяжы. І, адпаведна, у пэўнай ступені працэс дэмантажу вось гэтай саюзнай дзяржавы. Некалі Аляксандар Лукашэнка з тагачасным прэмʼерам Расеі Віктарам Чарнамырдзіным выкапалі слуп. Цяпер, магчыма, пойдзе адваротны працэс, і мы ўбачым паласатыя слупы на расейска-беларускай мяжы».
Паводле Класкоўскага, гэты крок сьведчыць пра нарастаньне напружаньня паміж Беларусьсю і Расеяй, і гэта кепска.
«Паколькі вельмі розныя вагавыя катэгорыі, то тут магчымыя ўсялякія сцэнары. Ажно да алярмічных. Мы ведаем, што апошнім часам модныя такія сцэнары. Але калі не ўпадаць у алярмізм, то, можа, гэта той выпадак, калі няма ліха без дабра. Бо пра фальшывасьць братняй інтэграцыі незалежныя экспэрты даўно казалі. І казалі, што трэба выбудоўваць нармальныя міждзяржаўныя дачыненьні замест рызыкоўных гульняў у інтэграцыю».
Паводле Аляксандра Класкоўскага, захады ФСБ Расеі — гэта пакуль элемэнты памежнага кантролю.
«Але калі расейцы выйдуць на зялёную мяжу, пачнуць патруляваць уздоўж усёй гэтай лініі, то, адпаведна, і беларускія памежнікі празь нейкі час пачнуць сымэтрычна патруляваць мяжу. Тут без сымэтрычных захадаў не абысьціся».
Паводле Аляксандра Класкоўскага, Масква апошнім часам менавіта ў памежных і візавых пытаньнях рабіла закіды, якія адлюстроўваюць «нарастаньне татальнага недаверу з боку расейскага кіраўніцтва да беларускага партнэра».
«Гэта я наўпрост зьвязваю з татальным крызісам у двухбаковых дачыненьнях. Наўрад ці заўтра гэта нейкім чынам вырашыцца, рассмокчацца, і зьверху будзе дадзена каманда адкруціць усё назад. Таму імаверна, што празь нейкі час зьявіцца і паўнавартасная мяжа».