У аўторак Нью-Ёрк, Віргінія і Масачусэтс далучыліся да пазову штату Вашынгтон, у якім сьцьвярджаецца, што ўказ Дональда Трампа супярэчыць канстытуцыі ЗША, паколькі ён накіраваны супраць грамадзянаў мусульманскіх краінаў, гэта значыць дае падставы казаць пра дыскрымінацыю паводле рэлігійнага прынцыпу. Паводле Белага дому, прэзыдэнцкі ўказ, які набыў моц у мінулую пятніцу, накіраваны на ўмацаваньне бясьпекі Злучаных Штатаў.
Сан-Францыска стаў першым горадам, якія зьвярнуўся ў суд з пазовам аб незаконнасьці прэзыдэнцкага ўказу, згодна зь якім можа быць скарочаная фэдэральная дапамога гарадам, якія адмаўляюцца выдаваць іміграцыйнай службе нелегальных мігрантаў, якія пражываюць у гэтых гарадах. Сан-Францыска называе гэтае патрабаваньне прэзыдэнта «грубым парушэньнем» сувэрэнітэту горада. Фэдэральная выканаўчая ўлада, на думку генэральнага пракурора Сан-Францыска, ня мае права прымушаць муніцыпальных афіцыйных асобаў забясьпечваць выкананьне фэдэральных законаў.
Паводле апытаньня, праведзенага ў апошнія два дні, 49 адсоткаў амэрыканцаў падтрымліваюць указ аб прыпыненьні ўезду ў ЗША грамадзянаў 7 краінаў, 41 адсотак апытаных ня згодны з гэтым рашэньнем. Апытаньне было праведзенае на замову інфармацыйнага агенцтва Reuters.