Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: уцекачы не ўяўляюць пагрозы бясьпецы ЗША


Ілюстрацыйнае фота. Сям'я сырыйскіх уцекачоў
Ілюстрацыйнае фота. Сям'я сырыйскіх уцекачоў

У ААН падкрэсьліваюць, што амэрыканскія ўлады старанна правяраюць патэнцыйных уцекачоў.

Агенцтва ААН у справах уцекачоў заявіла, што ўцекачы з Сырыі ды іншых краінаў не ўяўляюць пагрозы бясьпецы ЗША. Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, іншыя ўстановы ААН і праваабаронцы заклікалі ЗША перагледзець уведзеныя абмежаваньні на іміграцыю.

Агенцтва ААН у справах уцекачоў сьцьвярджае, што заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра тое, што сырыйскія ўцекачы ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы і таму ім варта забараніць уезд у ЗША, ня маюць пад сабой падставаў.

У пятніцу прэзыдэнт Трамп падпісаў указ, які забараняе ўезд у ЗША грамадзянам сямі краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам на 90 дзён. Іншае палажэньне ўказу таксама прадугледжвае забарону на прыём усіх уцекачоў у ЗША тэрмінам на 120 дзён і бестэрміновую забарону на ўезд сырыйскіх уцекачоў.

Прадстаўнік Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Ваніна Маэстрачы адхіляе заявы пра тое, што сырыйскія ўцекачы зьяўляюцца тэрарыстамі. Яна падкрэсьлівае, што ўцекачы зьяўляюцца ахвярамі тэрарыстаў і што падрыхтаваныя да перасяленьня людзі адносяцца да самых неабароненых пластоў насельніцтва на Зямлі. Сярод іх — жанчыны і дзеці, інваліды і людзі, якія маюць патрэбу ў сур’ёзнай мэдыцынскай дапамозе.

Яна расказала карэспандэнту «Голасу Амэрыкі», што ўцекачы праходзяць дбайную працэдуру праверкі, перш чым іх прымаюць у ЗША.

«Думаю, будзе справядліва сказаць, што ўцекачы, якія прыяжджаюць у ЗША, адносяцца да ліку тых, каго найбольш старанна правяраюць з усіх, хто прыяжджае ў ЗША», — кажа яна.

У нядаўнім інтэрвію амэрыканскім СМІ прэзыдэнт Трамп заявіў, што ЗША прымаюць «дзясяткі тысяч людзей», ня ведаючы пра іх нічога. Паводле яго, іх не правяраюць. Прэзыдэнт заклікаў да «вельмі пільных праверак» імігрантаў, якія прыяжджаюць у ЗША.

Маэстрачы настойвае, што Ўпраўленьне вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў старанна правярае ўсіх уцекачоў, якіх мяркуецца перасяліць у ЗША і больш як 30 іншых краінаў. Паводле яе, амэрыканскія ўлады вырашаюць, каго з уцекачоў яны гатовыя прыняць, і гэты працэс можа заняць 2 гады.

«У рамках амэрыканскай сыстэмы існуе шмат узроўняў, — кажа яна. — Я мяркую, што ў гэтай справе ўдзельнічаюць восем фэдэральных ведамстваў. Існуюць шэсьць розных базаў дадзеных, якія тычацца бясьпекі, пяць розных біяграфічных праверак, — і ўсё гэта ажыцьцяўляецца амэрыканскімі ўладамі».

Паводле зьвестак Упраўленьня расьсяленьня ўцекачоў, зь 2012 году ў ЗША перабраліся 14333 уцекачы з Сырыі. Гэты лік цьмянее ў параўнаньні зь іншымі краінамі, напрыклад Турэччынай, дзе цяпер знаходзіцца каля 3 мільёнаў сырыйскіх уцекачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG