Пра гэта паведаміў старшыня абласной адміністрацыі Паўло Жабрыўскі.
«Мы скаардынавалі дзеяньні кіраўнікоў гарадоў і раёнаў вобласьці на выпадак магчымай эвакуацыі жыхароў Аўдзееўкі. Па стане на гэты момант цягам дня можам эвакуяваць да 8 тысяч чалавек. Гарады вобласьці гатовыя прыняць да 9 тысяч. У дзіцячых установах гатовыя прыняць больш за тысячу дзяцей. На пад’ездзе да гораду каля 10 тонаў прадуктаў харчаваньня. Вайскоўцы разгарнулі дадатковыя палявыя кухні», — напісаў Жабрыўскі на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Горад Аўдзееўка, падкантрольны ўкраінскім уладам, знаходзіцца ля самай лініі разьмежаваньня паміж прарасейскімі баевікамі і ўкраінскімі вайскоўцамі. Баявыя дзеяньні тут узмацніліся раніцай 29 студзеня. Удзень 30 студзеня ўкраінскія ўлады паведамілі пра 5 загінулых вайскоўцаў, пазьней яшчэ пра 3. З боку так званай «ДНР» загінуў адзін з камандзіраў баевікоў. Тым часам праз абстрэлы былі парушаныя камунікацыі і насельніцтва гораду засталося без вады і цяпла.
Перад вайной у Аўдзееўцы жылі 35 тысяч чалавек.