Трамп звольніў кіраўніцу міністэрства юстыцыі за адмову абараняць іміграцыйны ўказ

Сэлі Ейтс

Прэзыдэнт Трамп звольніў кіраўніцу міністэрства юстыцыі, якая зьяўляецца таксама генэральным пракурорам, за адмову абараняць у судах ягоны ўказ аб прыпыненьні допуску ў ЗША уцекачоў і грамадзянаў 7 краінаў.

Прэзыдэнт Трамп у панядзелак увечары адправіў у адстаўку Сэлі Ейтс, якая выконвае абавязкі міністра юстыцыі краіны, за адмову абараняць у судах ягонае распараджэньне, якое прыпыняе допуск у ЗША уцекачоў з усяго сьвету і грамадзянаў сямі краінаў, дзе моцныя тэрарыстычныя арганізацыі.

Ейтс, прызначаная Баракам Абамам на гэтую пасаду, узначальвала ведамства да зацьвярджэньня Сэнатам новага міністра юстыцыі Джэфа Сэшнса, якое павінна адбыцца ў найбліжэйшы час. У панядзелак яна абвясьціла аб тым, што яна аддала распараджэньне падначаленым не абараняць у судах прэзыдэнцкі ўказ аб забароне ўезду уцекачоў. Празь некалькі гадзінаў Белы дом распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца пра тое, што Сэлі Ейтс «здрадзіла міністэрству юстыцыі, адмовіўшыся выконваць законны ўказ, мэтай якога зьяўляецца абарона грамадзянаў Злучаных Штатаў».

Некалькімі гадзінамі раней лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чарльз Шумэр беспасьпяхова спрабаваў паставіць на галасаваньне рэзалюцыю аб неадкладнай адмене ўказу прэзыдэнта, аднак гэты крок быў заблякаваны рэспубліканцамі, а аднапартыец Шумэра, сябра Палаты прадстаўнікоў Джэры Надлер мяркуе, калі гэта і адбудзецца, то толькі паводле ініцыятывы судоў, а не заканадаўцаў.

Некалькі фэдэральных судзьдзяў у мінулыя выходныя прыпынілі дзеяньне асобных пунктаў указу, у прыватнасьці, адпраўку уцекачоў назад на радзіму.

Барак Абама адступіў ад традыцыі, згодна зь якой былы прэзыдэнт устрымліваецца ад крытыкі свайго пераемніка, і ў заяве ў панядзелак, выказаў прынцыповую нязгоду з распараджэньнем Трампа, а таксама падтрымаў дэманстрантаў, якія праводзяць акцыі пратэсту ў амэрыканскіх аэрапортах.

«Дыскрымінацыя людзей па прыкмеце веравызнаньня для мяне непрымальная», — гаворыцца ў заяве Абамы.