Былому старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Андрэю Каваленку прадʼяўлена абвінавачаньне паводле ч.3 артыкула 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду». Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 27 студзеня начальнік Упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Кавальчук.
Адпаведная крымінальная справа ў дачыненьні да Каваленкі была распачатая летась 14 лістапада. На наступны дзень Каваленку затрымалі супрацоўнікі міліцыі сумесна з КДБ.
Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, цягам апошніх двух гадоў чыноўнік атрымаў больш за 20 тысяч даляраў і 25 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў у якасьці хабару за вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную кампэтэнцыю.
Каваленку пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Падрабязнасьцяў справы начальнік абласной міліцыі журналістам не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што вытворчасьць па крымінальнай справе яшчэ ня скончаная.