Блогер Эдуард Пальчыс напісаў у сваім Фэйсбуку, што атрымаў «паперку за дармаедзтва».
«Прыйшло паведамленьне пра неабходнасьць сплаціць падатак на „дармаедзтва“ за 2015 год. Відаць, высылаюць усім, нягледзячы на абставіны кожнага канкрэтнага чалавека і прычыны, чаму ён не працаваў», — сказаў ён Свабодзе.
Эдуард Пальчыс дадаў, што калі яго затрымалі на пачатку траўня 2015 году, ён акурат займаўся працаўладкаваньнем.
«Пасьля пачалася крымінальная справа, і зразумела, што я не працаваў. Відаць, з гэтай прычыны мяне і запісалі ў «дармаеды».
Пальчыс сказаў Свабодзе, што плаціць падатак не зьбіраецца і разам зь юрыстамі будзе шукаць, як даказаць, што знаходзячыся ў турме, ён не павінен быў «удзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў».
«Плаціць я не павінен, згодна з усімі парамэтрамі. Таму настроены змагацца ўсімі спосабамі супраць гэтага падатку».
У сваім Фэйсбуку Эдуард Пальчыс пажартаваў, што дзяржава павінна не спаганяць зь яго падатак, а наадварот — выдаць прэмію. Бо «ў дзяржаўны бюджэт паступіла мноства тысяч даляраў дзякуючы судовым штрафаў за акцыі салідарнасьці каля Менскага гарадзкога суду».