Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу плянуе правесьці 17 лютага ў Менску «Марш супраць незаконных пабораў уладаў з грамадзянаў Беларусі».
Як паведаміў БелаПАН Мікалай Статкевіч, гэтая акцыя падтрымае наладжаны прафсаюзам работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці збор подпісаў за адмену дэкрэту пра «дармаедаў».
Паводле Статкевіча, марш пачнецца а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.
«Ён пройдзе празь месяц пасьля пачатку збору подпісаў, якія мы перадамо ў органы дзяржаўнай ўлады», — сказаў палітык.
Статкевіч падкрэсьліў, што арганізатары акцыі — прыхільнікі парадку і негвалтоўных акцыяў. Таму за пяць дзён да правядзеньня яны паведамяць уладам пра вулічнае мерапрыемства.
Кампанію зьбіраньня подпісаў за адмену дэкрэту № 3 прафсаюз РЭП абвясьціў 17 студзеня.
Раней прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных структураў паведамілі, што правядуць 15 сакавіка ў Менску «Марш дармаедаў» за адмену дэкрэту № 3. У аргкамітэт акцыі ўвайшлі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», аргкамітэты па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Партыі працоўных і партыі «Надзея», БСДП (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом».
Беларускі нацыянальны кангрэс створаны ў траўні 2016 году. У яго аргкамітэце — Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.