Праваабарончы цэнтар «Прававая дапамога насельніцтву», які разам з Беларускім прафсаюзам работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці пачаў агульнанацыянальную кампанію за адмену прэзыдэнцкага дэкрэту № 3, дамогся першага рэальнага посьпеху. Юрысты цэнтру дапамаглі ануляваць паведамленьні з падатковай інспэкцыі аб неабходнасьці выплаты падатку дзьвюм жанчынам.
Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Воўчак:
«Гэта адбылося ў Гомелі. Службовыя асобы неправамерна ўключылі у сьпіс платнікаў збору дзьвюх жанчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў. Мы дапамаглі ім абскардзіць гэтае рашэньне. Справа зацягнулася на месяц. Жанчыны ўвесь гэты час перажывалі. Яны ўсё пыталіся ў нас, ці не зьмянілася што-небудзь у заканадаўстве.
Скажу шчыра, мы, мабыць, нават больш працавалі не як юрысты, а як сямейныя псыхолягі: супакойвалі іх, пераконвалі, што яны ня будуць плаціць гэтага збору. І вось прыйшоў афіцыйны адказ з падатковай інспэкцыі Савецкага раёну Гомелю. Там напісана, што „вырашана ануляваць паведамленьне аб выплаце збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год у сувязі з выхаваньнем дзіцяці ва ўзросьце да 7 гадоў“. Шкада толькі, што ніхто з афіцыйных асобаў ня выбачыўся перад жанчынамі».