МЗС Літвы: Беларусь прымяняе стандарты ядзернай бясьпекі на БелАЭС выбарачна

Будаўніцтва АЭС на Астравеччыне, архіўнае фота

Экспэрты службы МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных абʼектаў з улікам зьнешніх пагроз (SEED-місія) праводзяць ацэнку Беларускай АЭС ня ў поўным абʼёме, а выбарачна, лічыць Міністэрства замежных спраў Літвы.

Такая выснова зробленая на падставе ліста ад генэральнага дырэктара МАГАТЭ Юкіё Амана, у якім расказана пра дэталі правядзеньня SEED-місіі 16–20 студзеня на Беларускай АЭС . Ліст стаў адказам на запыт літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства, перадае БелаПАН.

Паводле зьвестак прэс-службы МЗС Літвы, у лісьце гендырэктар МАГАТЭ пацьвердзіў, што ў Беларусі праводзіцца няпоўная SEED-місія. Што канкрэтна будуць ацэньваць экспэрты міжнароднай арганізацыі, вызначаў бок, які прымае, а не МАГАТЭ.

Літоўскі бок зьвяртае ўвагу на той факт, што экспэрты місіі ня будуць аналізаваць такія ключавыя пытаньні, як крытэры выбару будаўнічай пляцоўкі, узьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе і тое, якім чынам праводзіліся дасьледаваньні сэйсьмічнай актыўнасьці раёну, калі такая праца мела месца ў прынцыпе. МЗС Літвы мяркуе, што маштаб працы SEED-місіі на БелАЭС, верагодна, будзе абмежаваны толькі ацэнкай бясьпекі канструкцыяў.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што Беларусь прымяняе стандарты ядзернай бясьпекі выбарачна, гэта непрымальна, — цытуе прэс-служба МЗС міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса. — Беларусь прапусьціла пытаньне ацэнкі будаўнічай пляцоўкі і запрасіла SEED-місію, якая, хутчэй за ўсё, абмяжуецца ацэнкай бясьпекі канструкцый. Праца місіі МАГАТЭ заключаецца ў ацэнцы толькі тых модуляў, якія вызначаныя Беларусьсю. А затым краіна публічна заявіць пра некаторыя станоўчыя вынікі, чым увядзе ў зман сваё грамадзтва і замежныя краіны».

Паводле слоў Лінкявічуса, такі выбарковы падыход да прымяненьня нормаў ядзернай бясьпекі наводзіць на думку, што распрацоўнікам БелАЭС ёсьць што хаваць.