Лялечны тэатар у Гомелі плянуе даваць больш беларускамоўных спэктакляў

Дзяржаўны тэатар лялек у Гомелі

58,9% апытаных выказаліся за тое, каб у Гомельскім дзяржаўным тэатры лялек было больш спэктакляў на беларускай мове.

Тэатар зладзіў апытаньне ў сацсетках пра тое, ці варта павялічваць колькасьць спэктакляў на беларускай мове.

У галасаваньні ўзялі ўдзел звыш паўтысячы чалавек. Зь іх 305 (58,9%) адказалі: так, варта. Палічылі гэта непатрэбным 123 рэспандэнты (23,7%). Абыякавымі засталіся толькі 14 чалавек (2,7%) з паўтысячы — ім «усё адно». Яшчэ 76 чалавек (14,7%) мяркуюць, што некалькі спэктакляў на беларускай мове не зашкодзяць.

«У нашым творчым калектыве, — кажа мастацкі кіраўнік тэатру Юры Вута, — няма праблемы, на якой мове ставіць спэктакль. Беларускай мовай валодаюць нават тыя артысты, якія не нарадзіліся ў Беларусі. Галоўнае, каб былі добрыя п’есы. У рэпэртуары мы маем цяпер спэктаклі для дзяцей паводле п’есаў-казак беларускіх аўтараў: Артура Вольскага — „Каб не змаўкаў жаваранак“, Васіля Ткачова — „Ня ўсе зайцы — трусы“ ды іншыя. Заўважу, у Англіі, напрыклад, не ідзе гаворка, на якой мове ставіць спэктаклі. У народу ёсьць адна родная мова — яе і трэба шанаваць».

У творчым рэпэртуары тэатру — 27 самых розных спэктакляў. Апроч дзіцячых, калектыў тэатру прапануе спэктаклі й дарослым — «Над безданьню ў жыце», «Сабачае сэрца», «Геда Габлер».

Лялечны тэатар штогод дае каля 400 пастановак розных спэктакляў, якія наведваюць звыш 65 тысяч гледачоў.