Плюс Бэніну, Гвінэі і Буркіна-Фаса, мінус Расеі і Эўропе. З кім і колькі гандлявала Беларусь у 2016 годзе

Паводле сьвежых зьвестак Белстату, абарот зьнешняга гандлю Беларусі скараціўся за першыя 11 месяцаў 2016 году на 12,4%. Экспарт упаў на 14,5%, імпарт — на 10,4%.

Гандляваць сталі меней як з Захадам, так і з Усходам. Сальда зьнешняга гандлю засталося адмоўным.

З асноўным гандлёвым партнэрам, Расеяй, якая дае 51% гандлёвага абароту Беларусі, гандаль скараціўся на 6,9% (упаў экспарт, але ня імпарт). А вось з другім па аб’ёмах партнэрам, Украінай (7,4% зьнешняга гандлю), ён павялічыўся на 10,2% (імпарт не зьмяніўся, экспарт вырас на 13,9%). З трэцім — Кітаем (4,8% зьнешняга гандлю) — абарот зьнізіўся на 19,8% (імпарт упаў нязначна, а экспарт — аж на 51,7%).

Зь іншымі буйнымі партнэрамі сытуацыя наступная. Зь Нямеччынай і Літвой гандлёвы абарот упаў адпаведна на 14,1% і 12,3%, з Польшчай і Нідэрляндамі павялічыўся на 9,1% і 6,5% адпаведна. Моцна ўпаў экспарт у Вялікую Брытанію — на цэлых 66,1%. Таксама значна зьнізіўся экспарт у Турэччыну (на 45,4%), але за кошт значнага росту імпарту (на 38,4%) абарот зь ёй павялічыўся.

Амаль спыніўся імпарт з Марока (толькі 5,8% ад 2015 году) і Паўднёвай Афрыкі (5,2%), значна скараціўся з Эгіптам (16,3%) і Македоніяй (19,5%). Экспарт амаль спыніўся ў Камэрун (6,9% ад 2015 году), значна зьменшыўся ў доўгі шэраг краінаў, у тым ліку ў Грэцыю (14,9%), Сэрбію (25%) і Швайцарыю (25,4%).

Экспарт у Сырыю павялічыўся на 37,3%, імпарт зь яе зьменшыўся на 61,1%. Гандаль зь ёй — 0,087% абароту Беларусі.

Рэкардсмэнам у росьце гандлёвага абароту стаў Бэнін: абарот вырас у 287 разоў — за кошт пачатку імпарту з афрыканскай краіны ў Беларусь. Ды Бэнін дае толькі 0,071% гандлёвага абароту. Таксама ў дзясяткі разоў за кошт пачатку імпарту вырас гандлёвы абарот з Гвінэяй, Лібэрыяй, Сьера-Леонэ і Лібанам. Беларусь стала імпартаваць у дзясяткі разоў больш тавараў таксама з Ярданіі, Лібану і Аўганістану. Праўда, усе гэтыя зьмены ў абсалютных лічбах нязначныя на фоне росту імпарту з Турэччыны і Польшчы.

Рэкордны рост экспарту, амаль у тысячу разоў назіраўся зь Беларусі ў Буркіна-Фаса — праўда, Беларусь экспартавала туды толькі на 189,6 тысячы даляраў. У 31 раз вырас экспарт у Самалі, да 127,6 тысячы даляраў. Сярод значных у абсалютных лічбах зьменаў — рост экспарту на 38,9% у Бэльгію, на 18,3% у Банглядэш, на 13,9% ва Ўкраіну.