З кожным годам большае гарадзкіх бадзягаў на вуліцах Гомеля. Яны ня толькі апанавалі кантэйнэры для сьмецьця, але й часьцяком «прыліпаюць» да абменных пунктаў валюты ў спадзеве атрымаць хоць колькі «залатых» Пракаповіча, як называюць людзі манэты вартасьцю «10», «20», «50» капеек, бо на «срэбра» — 1 рубель — ужо нават і не разьлічваюць.
«Мая праца — у кантэйнэрах»
У двары на праспэкце Перамогі корпаецца ў кантэйнэры для сьмецьця немалады мужчына з рудой барадою. Назваўся Васілём, яму пяцьдзесят восем гадоў:
«Гэта мая праца — у кантэйнэрах багата чаго знаходжу: дзе кусок хлеба, дзе каўбасу ці сасіску. Аднойчы нават завушніцы залатыя патрапіліся — во гэта была знаходка! Бывае, адзеньне ўжыванае людзі вывешваюць на агароджы кантэйнэраў, абутак выкідваюць — усё гэта забіраю, потым прадаю на „барахолцы“ каля аўтавакзалу. Такая мая праца й мой заробак».
Васіль у маладосьці быў жанаты, дзяцей сваіх у яго з жонкаю не было — разьвяліся. Езьдзіў па Беларусі, аздабляў гіпсавай пліткай памяшканьні розных кантораў ды клюбаў. Патрапіў нават на рамонт прафілякторыю Смаленскай АЭС. Кажа, што слухаў там Алу Пугачову й Сафію Ратару — прыяжджалі з канцэртамі.
Праз прыяцеля прадаў у мікрараёне «Прудок» невялікі прыватны дамок — сябар той яго на шэсьць штук «зялёных» аблапошыў. Але Васіль у той час грошы зарабляў і пра будучыню ня надта думаў.
У Расеі Васіль не прыжыўся, дый мода на гіпсавую аздобу памяшканьняў прайшла. Вярнуўся ў Гомель, можна сказаць, на пустое месца. І бадзяжнічае тут ужо два дзясяткі гадоў.
«Улады бадзягам не дапамагаюць — людзі дапамагаюць, — кажа Васіль. — За сёлетнюю зіму адзін раз запрасілі ў раённае таварыства Чырвонага Крыжа на вуліцу Тэльмана цёплага пюрэ зьесьці ды шклянку гарбаты выпіць — гэта калі быў вялікі мароз. У мяне на назе трафічныя язвы — няма нават дзе перавязку зрабіць. Ад холаду гэтыя язвы ці ад апэрацыі — хто ж ведае. На адну перавязку трэба каля пяці рублёў — на бінт, перакіс вадароду і мазь левамэколь».
Ночыць Васіль на трубах гарадзкога ацяпленьня ў Цэнтральным раёне. Знайшоў ціхае месца, прыцягнуў стары кажух — і ночыць.
Расказвае, што днямі сустрэў знаёмага — той запрасіў пераначаваць у сваю кватэру на вуліцы Рагачоўскай. Там і перавязку зрабіў. А калі выходзіў, наткнуўся на міліцыянта — той папярэдзіў: яшчэ раз убачыць у доме — не здабраваць. У Васіля нават і пашпарта няма — збаёдаў на будоўлі. У Чыгуначны райаддзел міліцыі зьвярнуўся, дык там сказалі, што могуць выпісаць толькі пашпарт як замежніку — зь відам на жыхарства.
«А навошта мне ён, такі пашпарт? Паперка. Ні сацыяльнай дапамогі не атрымаеш — анічога. Мне б у які дом састарэлых! Я ж нармальны чалавек, шкоды нікому не раблю. А пагрэесься зімою ўволю толькі тады, калі трапляеш у прытулак сёстраў Маці Тэрэзы. Але ж яны там доўга не трымаюць, бо такіх бяздомнікаў, як я, шмат, а прытулак — адзін», — бядуе Васіль.
«Купіце хоць кефіру»
Каля крамы непадалёк ад аўтавакзалу топчуцца двое бяздомных. Высокі бадзяга з пасівелай бародкаю, як у позьняга Шона Конэры, просіць у мінакоў: «Купіце што-небудзь паесьці — хоць кефіру купіце».
Гомельскі «конэры-бонд» назваўся Іванам, родам ён зь Петрыкава. Кажа, што год таму вярнуўся з калёніі. Быў раней кіроўцам, сядзеў за крадзёж.
«Як толькі вызваліўся, жыў на вуліцы Спартовай у спэцінтэрнаце пад наглядам міліцыі. Але пакуль лячыў ногі ў шпіталях, інтэрнат гэты закрылі —грошай нібыта на яго бракавала. Ад таго часу — на вуліцы. На ноч імкнесься забрацца ў цёплы пад’езд. Трымаемся разам са Станіславам. Бруду ў пад’ездах не пакідаем, і людзі ня жаляцца, не выганяюць».
Станіслаў таксама сядзеў у калёніі. Расказвае нейкую цьмяную гісторыю пра забойства бацькі і помсту. Пакуль адбываў пакараньне, жытла ня стала. Цяпер ён бадзяжнічае. Раней працаваў і на «Ратоне», і на «Гідрапрывадзе», і на фабрыцы «8 сакавіка». Станіславу — шэсьцьдзесят першы год:
«На пэнсію час, але ж Лукашэнка дабавіў „тройку“. Калі ўжо тая пэнсія, ня ведаю. Можа, і не дачакаюся. Людзі цяпер сьвяткуюць Каляды, стары Новы год. А ў нас сьвята, калі хто на буханку хлеба дасьць».
Да дваіх бадзягаў далучаецца трэці, Аляксандар. Ён на кукішках бавіў час у калідорчыку крамы, грэўся. Падышоў і адразу пусьціўся лаяцца.
«Тры шэсьцьсот (на новыя — 360 рублёў) заплаціў за „дармаедзтва“. Мянты прыціснулі. А дзе я іх узяў — ня краў, не адкапаў, а хадзіў зьбіраў каляровыя мэталы ды макулятуру. Нікога ж не хвалюе, што я хаджу галодны».
Аляксандар — з Буда-Кашалёўскага раёну. Працаваў калісьці ў мясцовай гаспадарцы, на льнозаводзе ва Ўваравічах. Праз крадзёж таксама сядзеў у турме. Пакуль «чаліўся», ня стала ні бацькоў, ні хаты. Прыехаў у Гомель і жыве тут на правах гарадзкога валацугі.
Дзе гэтая вуліца, дзе гэты дом?
Яшчэ чатыры гады таму Гомельскі аблвыканкам дэкляраваў неабходнасьць арганізацыі першага ў рэгіёне начнога прытулку для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Начлежныя дамы рэкамэндавалася арганізаваць ня толькі ў абласным цэнтры, але і ў чатырох іншых буйнейшых гарадах — Мазыры, Жлобіне, Рэчыцы, Сьветлагорску. Аднак такія прытулкі так і не адкрытыя. Тым часам зіма заганяе бадзягаў у пад’езды жылых дамоў, сутарэньні, каналізацыйныя люкі — туды, дзе ёсьць хоць якое цяпло.