Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бадзяга прывык да вольніцы. Правілы не для яго», — хто трапляе ў прытулак для бяздомных


Жаночы пакой у цэнтры часовага знаходжаньня. Яго насельніца Алена. Раней жыла ў зямлянцы разам з мужам, муж памёр
Жаночы пакой у цэнтры часовага знаходжаньня. Яго насельніца Алена. Раней жыла ў зямлянцы разам з мужам, муж памёр

Рэзкае пахаладаньне і ўстойлівае марознае надвор’е актуалізавала пытаньне пра выжываньне бяздомных.

Арганізаваныя часовыя пункты абагрэву і гарачага харчаваньня дапамагалі ім уратавацца ад сьцюжы удзень, ноччу ж гэтыя людзі ратаваліся як маглі. Найчасьцей ім дапамагалі падвалы альбо пад’езды. Некаторых прытулялі знаёмцы ў сваіх дамах.

У Магілёве адзіным месцам, дзе бяздомныя могуць перабыць халады ды і вярнуцца да людзкага жыцьця — Цэнтар начнога (часовага) знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства. Ягоны дырэктар Ігар Краўцоў адзначае: у цэнтры людзям, якія трапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю, даецца шанец аднавіць страчаныя сацыяльныя сувязі, наладзіць стасункі зь сям’ёй, знайсьці працу. Тыя, хто мае жаданьне, уратоўваюць сябе.

Былыя асуджаныя — адзін з асноўных кірункаў працы цэнтру

«Адбыўшы законнае пакараньне, такі кантынгент нашых пастаяльцаў апынаецца без падтрымкі родных і, сутыкнуўшыся зь цяжкай жыцьцёвай сытуацыяй, адолець яе самастойна ня можа, — расказаў Ігар Краўцоў. — Існуе рэальная небясьпека, што былыя асуджаныя, пабыўшы валацугамі, зноў выберуць бадзяжніцтва. Мы ж стараемся дапамагчы ім вярнуцца да нармальнага людзкага жыцьця.

Дырэктар цэнтру Ігар Краўцоў
Дырэктар цэнтру Ігар Краўцоў

Да кожнага ў нас індывідуальны падыход. Калі не ўзьнікае праблемаў, то засяляем у цэнтар таго, хто хоча ў ім жыць на працягу дня. Пасьля таго, як ахвотніка азнаёмяць са статутам установы, з патрабаваньнямі ўнутранага распарадку, ён сам вырашае, ці жыць яму ў цэнтры».

«Ня буду ўтойваць, бываюць выпадкі, калі, выслухаўшы, такія людзі адмаўляюцца ад пражываньня ў нас», — сказаў суразмоўца.

«Пажыўшы на вуліцы, яны прызвычайваюцца да неабмежаванай вольніцы і падпарадкоўвацца правілам не жадаюць, нават нягледзячы на адсутнасьць даху над галавой. Мы ж стараемся знайсьці кампраміс з кожным. Для нас прыярытэт — чалавек і ягоны лёс.

Будынак, у якім месьціцца Цэнтар часовага знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства
Будынак, у якім месьціцца Цэнтар часовага знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства

Залічваем у цэнтар тых, хто ня мае пэўнага месца жыцьця, прапіскі ў Магілёве, але якія раней такую прапіску мелі. Высьвятленьнем ранейшага месца жыхарства займаюцца адпаведныя органы», — акцэнтуе ўвагу Ігар Краўцоў.

Знайсьці працу для пастаяльцаў ня проста

«Створаны цэнтар рашэньнем Магілёўскага гарвыканкаму для адраснай дапамогі асобам, якія трапілі ў цяжкую жыцьцёвую сытуацыю. Залічанаму ў цэнтар выдзяляецца ложка-месца з сродкамі гігіены ў цёплым абсталяваным памяшканьні. Тут яны прыводзяць сябе ў парадак», — працягвае Ігар Краўцоў.

Уваход у цэнтар
Уваход у цэнтар

«Месьцімся мы ў двухпавярховым будынку на вуліцы Навіцкага, 3. У ім арандуем першы паверх і аплачваем усе камунальныя паслугі. Разьлічаны цэнтар на 22 ложка-месцы. Для пастаяльцаў пражываньне бясплатнае. Для іх жытло лічыцца сацыяльным.

Пастаяльцы ў цэнтры начуюць, а ўдзень, каб ня быць сацыяльнымі утрыманцамі, шукаюць сабе занятак, зь якога б маглі жыць. Пры садзейнічаньні ўпраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Магілёўскага гарвыканкаму і мы стараемся знайсьці працу для іх.

Гэтае пытаньне для іх — адно з актуальных. На жаль, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі знайсьці занятак ня проста, і гэтая праблема цяпер закранае ня толькі наш кантынгент», — заўважае суразмоўца.

«Яшчэ адна праблема ў нашых пастаяльцаў — страта навыкаў у той прафэсіі, якую яны мелі, з прычыны іхнага бадзяжнага жыцьця, — дадае ён. — Ёсьць прыклады, калі пастаяльцаў упраўленьне працы, занятасьці і сацыяльнай абароны накіроўвала вучыцца іншай прафэсіі.

Яшчэ адзін пакой. Мужчынскі. Пастаяльцы на працы
Яшчэ адзін пакой. Мужчынскі. Пастаяльцы на працы

Дапамагаем аднаўляць страчаныя сацыяльныя сувязі. Садзейнічаем у афармленьні пэнсіі».

«Інвалідам (такія людзі таксама трапляюць у цэнтар) дапамагаем з афармленьнем у дамы сацыяльнага прызначэньня, у бальніцы сястрынскага дагляду, а таксама ў дамы састарэлых і вэтэранаў», — заўважае Ігар Краўцоў.

У кожнага свая гісторыя бадзяжніцтва

«Розныя абставіны робяць чалавека бяздомным. Бываюць выпадкі, калі родзічы пастараліся завалодаць жыльлём, пакуль чалавек адбываў пакараньне, ці сам чалавек сябе няправільна паводзіў, напрыклад неабачліва падпісаў дароўную і ў выніку застаўся без жытла. У кожнага свае абставіны», — апавядае далей Ігар Краўцоў.

Чытво пастаяльцаў цэнтру
Чытво пастаяльцаў цэнтру

«Колькі ў Магілёве людзей, якія маглі б прэтэндаваць на пражываньне ў нашым цэнтры, сказаць цяжка, але яны ёсьць. Пры гэтым у горадзе, пагадзіцеся, людзей, якія жабруюць на вуліцах, ня шмат. Іх ня столькі, каб кідаліся ў вочы. Яны жывуць у сваіх начлежках, гэта так, але на кожным рагу вуліц іх ня ўбачыш», — кажа Краўцоў.

«На жаль, я не магу сказаць, што працэнт тых, хто жыў у нас і вярнуся да нармальнага жыцьця, высокі, — прызнаецца ён. — Аднак тыя, хто меў жаданьне, той гэтага дасягнуў. Яны аднаўляюць стасункі са сваімі сваякамі, знаходзяць сабе працу, дабіваюцца посьпехаў у ёй. Прыклады такія ў нас ёсьць».

«Жывуць у нас людзі рознага веку. Ёсьць пастаяльцы з тонкім адчуваньнем прыгожага. Яны дапамагаюць афармляць цэнтар. Некаторыя выпускаюць насьценныя газэты. Ёсьць такія, якім неабходныя простыя чалавечыя дачыненьні. Зь імі трэба больш гаварыць. Яны доўга жылі ў сваім замкнутым сьвеце і цяпер паводзяць сябе ваўкавата.

Насьценныя газэты, зробленыя пастаяльцамі Цэнтру
Насьценныя газэты, зробленыя пастаяльцамі Цэнтру

Такім чынам, праца ў нас ня з простых, але калі бачыш зрухі ў паводзінах пастаяльцаў, іх імкненьне вярнуцца да нармальнага жыцьця і адчуваеш, што гэтаму спрыялі дзеяньні супрацоўнікаў цэнтру, то атрымліваеш маральнае задавальненьне. Калі бачыш, што ў чалавека, які сыходзіць ад нас, устойлівы пляцдарм для жыцьця, то разумееш, што працаваў нездарма», — адзначае суразмоўца.

Некаторыя сыходзяць, але потым вяртаюцца

«У цэнтар залічваюцца людзі на тэрмін да трох месяцаў, але калі яны не пасьпяваюць за гэты час вырашыць свае пытаньні, то ім можа быць падоўжана пражываньне да 6 месяцаў і нават, у выключных выпадках, да году. Калі гэтыя часавыя рамкі заканчваюцца, мы чалавека не выкідаем з цэнтру, — дадае Ігар Краўцоў. — Бываюць выпадкі, што нехта, пажыўшы ў нас, вырашае, што такое жыцьцё не для яго і пакідае нас, але праз пэўны час зноў вяртаецца, і мы яго залічваем, даючы чалавеку яшчэ адзін шанец вызначыцца са сваім жыцьцём».

Яшчэ адна праца пастаяльца цэнтру
Яшчэ адна праца пастаяльца цэнтру

«Правілы паводзінаў для пастаяльцаў у цэнтры строгія, — кажа суразмоўца. — Забарона алькаголю — адно з асноўных патрабаваньняў. Многія, жывучы на вуліцы, прызвычаіліся злоўжываць, таму даводзіцца іх кантраляваць, правяраць».

«У цяперашнія халады ў нас функцыянуе пункт абагрэву і гарачага харчаваньня. Пра гэта парупілася абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа. Да нас могуць прыйсьці ня толькі людзі, якія апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, але ўсе, хто мае патрэбу пагрэцца. Чырвоны Крыж таксама дапамагае нашым пастаяльцам з адзежай, пакетамі асабістай гігіены. Дапамагаюць нам і дабрачынныя гуманітарныя арганізацыі „Табея“ і „Дабрыня“. Яны, як і Чырвоны Крыж, забясьпечваюць нашых пастаяльцаў вопраткай, сродкамі гігіены», — рэзюмаваў Ігар Краўцоў.

Новы год у цэнтры
Новы год у цэнтры

Ігар Краўцоў — карэнны магілёвец. Служыў у органах унутраных спраў. Пайшоў у запас у званьні палкоўніка міліцыі з пасады намесьніка начальніка Магілёўскага каледжу Міністэрства ўнутраных спраў. У цэнтры працуе з сакавіка 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG