«Мабыць, краіна мусіць дайсьці да ручкі, каб народ нарэшце ўсьвядоміў неабходнасьць пераменаў...»

Валянцін Жданко

Пошта першых тыдняў 2017 году застаецца пераважна падсумавальнай і віншавальнай. Слухачы і наведнікі сайта Свабоды азіраюцца на пражыты год і спрабуюць спрагназаваць, якая будучыня ўсіх нас чакае.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу сталага слухача Свабоды Дзьмітрыя Аўчыньнікава з расейскага Новасыбiрску. Ён піша:

«Зараз, на пачатку 2017 году, хочацца падсумаваць год папярэдні.

2016 год аказаўся супярэчлівым. З аднаго боку, працяг мяккай беларусізацыі, праход двух дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт, скасаваньне санкцый ЭЗ, ужо напрыканцы году арышт прарасейскіх аўтараў агенцтва Рэгнум. А зь іншага — нафтагазавы канфлікт з Расеяй, які дагэтуль цалкам ня вырашаны, далейшае пагаршэньне эканамічнага становішча, разгром НІСЭПД. Усё гэта стварае вельмі стракатую агульную карцінку, на падставе якой цяжка ня толькі рабіць нейкія прагнозы, але і сфармуляваць больш-менш дакладна сваё адчуваньне ад усяго, што адбываецца на нашых вачах.

Ясна, што Беларусі патрэбныя рэформы. Як падаецца, гэта ўсьведамляе і сам кіраўнік дзяржавы, але пры гэтым дзейнічае надзвычай непасьлядоўна.

Калі казаць шчыра, то нагодаў для аптымізму няма. Не дадаў іх і навагодні зварот Лукашэнкі, хоць бязьзьменны прэзыдэнт Беларусі ўсяляк намагаўся падбадзёрыць суайчыньнікаў. Аднак ня думаю, што гэта ў яго атрымалася. Увогуле, усё болей прыкметна, што Лукашэнка знаходзіцца ў разгубленасьці і ня надта ведае, што рабіць. Адсюль і нэрвовыя кадравыя перастаноўкі, і выцягнутыя з нафталіну абяцаньні падвышэньня заробку да 500 даляраў.

У сваёй навагодняй прамове ён чарговы раз паспрабаваў перакласьці віну за свае памылкі з хворай галавы на здаровую. «Мы жывём у адкрытай краіне, і найперш таму сталі закладнікамі той эканамічнай сытуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнэраў», — заявіў Лукашэнка. Часткова гэта, можа, і так. Але чыя бязглуздая палітыка прывяла да такога стану, што Беларусь аказалася цалкам залежная ад былой мэтраполіі? Так, пэўны час такі расклад быў выгадны, калі Расея шчодра субсыдыявала хаўрусьніка па эўразійскай інтэграцыі. Але цяпер сытуацыя іншая, а Лукашэнка, відаць, ня здольны зьмяніць курс, якім ён ужо 23 гады вядзе краіну,— піша ў сваім лісьце на Свабоду Дзьмітры Аўчыньнікаў з расейскага Новасыбірску. — Ясна, што Беларусі патрэбныя рэформы. Як падаецца, гэта ўсьведамляе і сам кіраўнік дзяржавы, але пры гэтым дзейнічае надзвычай непасьлядоўна — з аднаго боку, патрабуе ад чыноўнікаў нейкіх новых ідэй, а зь іншага — адпраўляе амбасадарам у Кітай аднаго зь нямногіх людзей, здольных генэраваць падобныя ідэі. Бо галоўнае для яго — утрыманьне сваёй улады, а паколькі рэформы непазьбежна будуць спрыяць разбурэньню ягонага рэжыму, то ён на іх ня пойдзе. Як ні прыкра гэта гучыць.

Ня дзіўна, што на такім тле ў грамадзтве, найперш сярод моладзі, пашыраюцца эмігранцкія настроі. Людзі ня бачаць на Радзіме пэрспэктываў для сябе і сваёй сям’і і імкнуцца туды, дзе, на іх погляд, яны ёсьць. Найперш на Захад.

У XXІ стагодзьдзі ў прынцыпе нонсэнс, калі лёс мільёнаў людзей знаходзіцца ў руках аднаго чалавека. Беларусы, на жаль, псыхалягічна затрымаліся ў фэадалізьме і пакуль ня могуць адтуль выбрацца. А бяз гэтага ніякіх пэрспэктываў у Беларусі няма.

Хоць, магчыма, усё да лепшага. Мабыць, краіна мусіць дайсьці да ручкі, каб народ нарэшце ўсьвядоміў неабходнасьць пераменаў і ўзяў сваю долю ва ўласныя рукі. Наша галоўная мэнтальная перашкода — вера ў добрага цара, які за нас вырашыць нашы праблемы. Па-першае, добры цар — гэта un heureux hazard (шчаслівы выпадак), а часьцей цары аказваюцца іншымі; па-другое, у XXІ стагодзьдзі ў прынцыпе нонсэнс, калі лёс мільёнаў людзей знаходзіцца ў руках аднаго чалавека. Беларусы, на жаль, псыхалягічна затрымаліся ў фэадалізьме і пакуль ня могуць адтуль выбрацца. А бяз гэтага ніякіх пэрспэктываў у Беларусі няма».

У сувязі з вашым, спадар Дзьмітры, лістом зьвярну ўвагу на заяву Лукашэнкі, зробленую 10 студзеня падчас уручэньня прэміяў «За духоўнае адраджэньне». А сказаў ён літаральна наступнае: «Агульная задача цяперашніх пакаленьняў беларусаў — зьберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасьля іх». І далей Лукашэнка таксама заўважыў, што «незалежная Беларусь, якая жыве сваім розумам і працай, не па душы многім».

Пад гэтымі словамі, мяркую, маглі б падпісацца і Станіслаў Шушкевіч, і Зянон Пазьняк, і Анатоль Лябедзька, і Мікола Статкевіч — увогуле, амаль усе палітычныя апанэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Ніякіх пэрспэктыў у Беларусі ня будзе тады, калі яна страціць незалежнасьць. Пагроза такой страты сёньня як ніколі рэальная. І тое, што аўтарытарны кіраўнік Беларусі гэта ўсьведамляе і адкрыта пра гэта заяўляе — дае спадзяваньне на тое, што перад супольнай пагрозай беларусы здолеюць аб’яднацца і супрацьстаяць ёй.

Аўтар наступнага ліста Міхаіл Булат з Узды смуткуе, што Свабода спыніла вяшчаньне на кароткіх хвалях. Слухач піша:

«Я чалавек сталага ўзросту, прывык да радыё. Вечарамі па-ранейшаму зь нецярпеньнем чакаю вашы перадачы, хоць вы ўжо і спынілі вяшчаньне на кароткіх хвалях. Вось і ўчора, 31 сьнежня, слухаў выніковую перадачу за год. Вельмі мне запомніліся шматлікія падарожжы па Беларусі Зьмітра Бартосіка. Ведаю, што тэксты гэтых перадач выйшлі асобнай кнігай. Вельмі хацелася б атрымаць яе ад вас.

А яшчэ хочацца, каб Радыё Свабода і надалей заставалася з намі ў эфіры. Разумею, што новыя тэхналёгіі ня спыніш і яны непазнавальна мяняюць наша жыцьцё, а ўсё ж для старэйшага пакаленьня звыклы радыёпрымач нічым не заменіш».

Для вас, спадар Міхаіл, як для шматгадовага адданага слухача мы неўзабаве вышлем кнігу нашага аўтара Зьмітра Бартосіка, што нядаўна выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», у якасьці падарунка.

Што да вяшчаньня на кароткіх хвалях... Няцяжка зразумець вашы сум і настальгію. Так заўсёды бывае, калі разьвітваесься з чымсьці родным і блізкім. Але вярнуць яго ўжо наўрад ці магчыма.

______________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by