Замежныя арганізацыі, што прыцягваюцца для будаўніцтва Беларускай АЭС і выкананьня работ на працягу гарантыйнага тэрміну, змогуць атрымліваць дазволы на прыцягненьне ў краіну замежнай рабочай сілы і спэцыяльныя дазволы на права займацца працоўнай дзейнасьцю ў Беларусі.
Гэта прадугледжвае ўказ «Аб мерах па прыцягненьні работнікаў для будаўніцтва і эксплёатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Дакумэнтам таксама прадугледжваецца дазвол замежным спэцыялістам, якія працуюць на АЭС у Астраўцы і падпадаюць пад азначэньне «дзяржаўныя службовыя асобы» або прэтэндуюць на займаньне адпаведных пасадаў на гэтым прадпрыемстве, мець рахункі ў замежных банках.
Беларускую АЭС у Астраўцы будуе расейская дзяржкарпарацыя «Росатом». На будаўніцтва станцыі Расея дала Беларусі крэдыт. У адпаведнасьці з міжурадавым пагадненьнем, Беларусь павінна закупляць паліва для АЭС у Расеі на працягу ўсяго тэрміну эксплёатацыі станцыі.