Выведка ЗША прыйшла да высновы, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін распарадзіўся правесьці хакерскія атакі, каб паўплываць на перадвыбарчую кампанію ў ЗША і дапамагчы абранаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.
У апублікаваным 6 студзеня несакрэтным дакладзе выведкі ЗША адзначаецца, што намаганьні Масквы былі скіраваныя на аказаньне дапамогі рэспубліканцу Трампу шляхам дыскрэдытацыі яго суперніка ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан.
У 25-старонкавым дакладзе, у прыватнасьці, падкрэсьліваецца, што Пуцін распарадзіўся правесьці ў 2016 годзе кампанію з мэтай паўплываць на зыход прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША. «Мэтай Расеі быў падрыў даверу грамадзтва да дэмакратычнага працэсу ў ЗША, ачарненьне Клінтан і нанясеньне шкоды яе выбарчым магчымасьцям як патэнцыйнага будучага прэзыдэнта».
«Паводле нашых ацэнак, Пуцін і расейскі ўрад аддалі відавочную перавагу Трампу. Мы ставімся да гэтых ацэнак з высокай доляй упэўненасьці», — адзначаецца ў дакладзе.
Абнародаваньне дакладу адбылося неўзабаве пасьля сустрэчы абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з кіраўнікамі спэцслужбаў, на якой яму і быў прадстаўлены даклад з вынікамі расьсьледаваньня.
У сваёй заяве Трамп сказаў, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў 2016 годзе ня сталі наступствам узьдзеяньня з боку замежных хакераў.