Пераходная каманда абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа распарадзілася адправіць у адстаўку амбасадараў ЗША, прызначэньне якіх было палітычна матываванае. Пра гэта паведамляе газета The New York Times.
Гаворка ідзе пра паслоў, якія атрымалі пасады дзякуючы шчыльным сувязям з прэзыдэнтам Баракам Абамам. Паводле інфармацыі выданьня, дыпляматы павінны пакінуць свае пасады да дня інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы 20 студзеня. Такім чынам, Злучаныя Штаты могуць на некалькі месяцаў застацца без паслоў у шэрагу краін, у лік якіх уваходзяць Чэхія, Бэльгія і Новая Зэляндыя.
Пасьля зьмены адміністрацыі практычна заўсёды некаторыя амбасадары пакідаюць свае пасады. Упершыню за доўгі час дыпляматам не дадуць нават невялікай адтэрміноўкі перад адстаўкай і вяртаньнем у Злучаныя Штаты.