Адказных супрацоўнікаў «Беларусьфільму» падазраюць у крадзяжы: «Але сумы такія, што ня варта было спакушацца»

Пракуратура завяла крымінальную справу на двух адказных супрацоўнікаў кінастудыі «Беларусьфільм». Паводле пракуратуры, начальнік вытворчага комплексу і начальнік аддзелу падазраюцца ў тым, што праз падробку табэлю ўліку працоўнага часу скралі грашовыя сродкі ў памеры, які падпадае пад крымінальную адказнасьць. Дакладны памер скрадзенага пракуратура не паведамляе.

«Але сумы там такія, што ня варта было б і спакушацца. Чалавек грэшны, яму ўсё мала», — пракамэнтавалі справу ў пракуратуры Беларусі. Таксама там паведамілі, што справа на супрацоўнікаў кінастудыі «Беларусьфільм» ужо перададзеная ў Сьледчы камітэт.

У прэсавай службе Сьледчага камітэту не паведамілі падрабязнасьцяў крымінальнай справы на супрацоўнікаў «Беларусьфільму», у тым ліку зьвестак пра меру стрыманьня для падазраваных.

На самой кінастудыі «Беларусьфільм» ад камэнтару адмовіліся. «У нас усе на сваіх працоўных месцах», — сказала супрацоўніца кінастудыі.

Яшчэ ў 2007 годзе на «Беларусьфільме» пачалася рэканструкцыя, якая мусіла завершыцца ў 2015 годзе, але гэтыя пляны давялося ня раз карэктаваць. Сёлета ў сьнежні ў Міністэрстве культуры запэўнілі, што рэканструкцыя «Беларусьфільму» закончыцца ў 2017 годзе.

Як казала загадчыца аддзелу міністэрства Ірына Белякова, «Беларусьфільм» пасьля рэканструкцыі зможа вырабляць штогод да дзесяці граных, 40 дакумэнтальных і 15 анімацыйных фільмаў.

«Сродкі будуць накіраваныя на фільмы з ідэалягічным і маральна-выхаваўчым значэньнем. Фільмы павінны выклікаць у беларускіх гледачоў пачуцьцё гонару за нашу краіну і спрыяць фармаваньню станоўчага іміджу за мяжой», — казала чыноўніца.

Сярод бліжэйшых плянаў «Беларусьфільму» — фільм «Урокі сьпеваў» пра славутага кіраўніка ансамблю «Песьняры» Ўладзімера Мулявіна.