Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Забалоцкі: Героямі цяпер — былыя ахоўнікі ў Гулагу


Анатоль Забалоцкі
Анатоль Забалоцкі

Ён зьняў быкаўскую «Альпійскую баляду» і шукшынскую «Калину красную». Яго фільм «Праз могілкі» ўвайшоў у сотню найлепшых стужак пра вайну па вэрсіі UNESCO. Яму прысьвячаў свае вершы Ўладзімер Караткевіч.

Госьцем перадачы — легендарны кінаапэратар Анатоль Забалоцкі.

— Анатоль Дзьмітравіч, вы доўгі час працавалі на «Беларусьфільме», пра гэта мы яшчэ пагаворым. А пачаць мне хочацца з вашага сяброўства з Уладзімерам Караткевічам. Думаецца, для яго незалежнасьць Беларусі была б найвялікшай каштоўнасьцю. А як вы як грамадзянін Расеі ставіцеся да таго, што Беларусь — гэта другая краіна?

— Станоўча стаўлюся. Але, мне здаецца, Валодзя ніколі б ня стаў нацыяналістам. Хоць часам яго заносіла. Аднойчы мы былі зь ім у Рагачове ў яго дзядзькі. І Валодзя даў волю сваім нацыянальным пачуцьцям. А дзядзька быў гісторыкам, і ён адразу яго спыніў: «Кінь сваю фанабэрыю!» Ён мог спыніць Караткевіча, калі гэта было трэба. А калі мы вярталіся назад, на аўтобуснай станцыі стаялі, падышла бабулька з валізкай і двума ўнукамі. Кажа, пайду куплю «лімінаду», а вы маіх хлопцаў папільнуйце. Валодзя адразу да ўнукаў: «Па колькі вам гадоў?» А тыя маўчаць, як нямыя. Караткевіч не адступаецца: «Ну вось ты, старэйшы, колькі табе? Ты хіба гаварыць ня ўмееш?». І той нарэшце выціснуў зь сябе: «Нам ня кажуць, мы і ня ведаем». Валодзя так узрадаваўся: «Во, умеюць, калі трэба, маўчаць. Ніколі маскалі вас не калянізуюць!» Калі я працаваў на «Беларусьфільме», там па-беларуску гаварылі толькі двое — Кучар і Фрайман. Астатнія — Максім Лужанін, Пятро Глебка і другія ўвесь час гаварылі па-расейску. І вось я думаю — іх жа ніхто не прымушаў... А Караткевіч быў сапраўдным, а не паказным патрыётам Беларусі. Гэта ад яго я пачуў прыказку, якую ён ставіў эпіграфам да ўсёй гісторыі беларускага народу: «Бяда толькі рака красіць». Потым ад мяне тую прыказку пачуў літоўскі рэжысэр Вітаўтас Жалакявічус. Задумаўся. Я кажу: «Глядзі, колькі падтэкстаў!» А ён: «Ага, столькі падтэкстаў — аж няма куды падзецца!»

— У сваім эсэ «Дрэва вечнасьці», дзе вы адзін з галоўных герояў, Караткевіч сам сябе схарактарызаваў так: «Добры хлопец, здабывальшчык прыпасаў, адказны за вогнішча, пры зручным выпадку сабрат па бутэльцы і прочая, і прочая, і прочая». Ён сапраўды быў душой любой кампаніі?

— Валодзя ніколі не нудзіўся, зь яго жарты як зь мяха сыпаліся. Аднойчы ён мне кажа: «Зьвярні ўвагу, у мяне вочы вялікія і лупатыя, і таму я бачу на небе зорак у два разы больш за цябе!» А неяк паглядзеў на мяне загадкава і прызнаў: «Ты — рымлянін!» Я ўзрадаваўся такому параўнаньню, а ён дадаў: «У эпоху заняпаду»... А колькі ён прыпевак розных сачыніў, якія потым каму толькі ні прыпісвалі! Часьцей — Рыгору Барадуліну. Але я сам чуў іх ад Караткевіча. Напрыклад, пра адну прыгожую беларускую паэтку: «На лугу-мурагу / на зялёненькім / я Вярбу па... / х...м то-о-оненькім!» І ў яго гэта так паэтычна атрымлівалася... Гэта ж Караткевіч першым кавярню ў Доме мастацтва «Мутным вокам» назваў, і назва прыжылася. Праўда, нас за гэта туды доўга не пускалі.

— Пра караткевічаўскія хохмы шмат пісаў і Рыгор Барадулін, і Адам Мальдзіс. Адам Восіпавіч, дарэчы, падкрэсьліваў нежаданьне Караткевіча жартаваць на палітычныя тэмы.

— А мне прыгадваецца, як у Парку Чалюскінцаў паставілі вялікія літары, зробленыя з фанэры: «Коммунизм неизбежен!» І аднойчы ў адну зь літараў залезла кошка, а вылезьці ня можа. Сядзіць там і крычыць на ўвесь парк. Валодзя сказаў: «Добра было б у кожную літару па кошцы запусьціць — было б адпаведнае гукавое афармленьне».

— Я ўжо згадваў эсэ «Дрэва вечнасьці» — пра тое, як вы з Уладзімерам Сымонавічам езьдзілі па Беларусі і здымалі фільм пра старыя дрэвы. А вам тое падарожжа чым запомнілася?

— Езьдзілі мы тады на старым «казьле», у якога амартызатараў, па-мойму, зусім не было. І вось едзем у Любчу здымаць таполю Напалеона. Валодзя сядзеў пасярэдзіне, я з камэрай з краю. Калі заяжджалі на пантонны мост празь Нёман, нас моцна падкінула. Валодзя ўдарыўся галавой аб жалезную дугу і неяк ажно імгненна апух. Мы яго суцяшаем, а ён праз боль жартуе: «Зато мяне болей стала!» Нарэшце пад’ехалі да той таполі. Я паспрабаваў на яе залезьці, а там галіны — аберуч не абхопіш. Давялося яшчэ раз прыехаць — зь вяроўкамі, з усім неабходным начыньнем. Залезьці неяк залез, зьняў, а назад спусьціцца з камэрай ледзьве здолеў.

— Быў выпадак, калі са зборніка Караткевіча «Мая Іліяда» цэнзура зьняла ажно дванаццаць прысьвячэньняў, у тым ліку і вам — зь верша «Баляда пра дзіка і чалавека». Чаму вы для Галоўліту былі ў ліку падазроных?

— Валодзя на свае вочы бачыў, як мяне на «Беларусьфільме» трымалі ў чорным целе. Я выжыў толькі таму, што добра валодаў прыкладной прафэсіяй — добра здымаў. А праца апэратара сама па сабе рабская, без адпачынкаў, і зімой, і летам. Валодзя бачыў, як я здымаў свой першы вялікі фільм з рэжысэрам Барысам Сьцяпанавым — «Апошні хлеб». Фільм атрымаўся, але яго паказ забаранілі. Дарэчы, я яго нядаўна спрабаваў паказаць на сваёй фотавыставе ў маскоўскім Манежы. Дык яго забаранілі — цяпер! Так што ня дзіўна, што тады маё прозьвішча з кніжкі выкінулі.

— Са Сьцяпанавым вы зьнялі і «Альпійскую баляду» па аповесьці Васіля Быкава. А чым вам запомнілася гэтая праца?

— «Апошні хлеб» забаранілі, але тыя, хто бачыў, стужку ацанілі станоўча, і наша супрацоўніцтва з рэжысэрам працягнулася. Але «Альпійская баляда» — цалкам літаратурны твор, і перакласьці яго на мову кіно было вельмі складана. Фільм атрымаўся толькі таму, што ў той жа час Андрэй Таркоўскі ня ўзяў Станіслава Любшына на ролю Андрэя Рублёва. Я тады нават у дзёньніку запісаў, што ён вельмі моцна прайграў, узяўшы Анатоля Саланіцына. А Любшын дастаўся нам. Гэта па-добраму сцэмэнтавала карціну. Калі б яшчэ ўзялі сапраўдную італьянскую акторку Іларыю Акіні, яна б вельмі цікава глядзелася. А так... У «Альпійскую баляду» шмат чаго не ўвайшло, скажам, быў выкінуты эпізод, дзе героі размаўляюць пра савецкую ўладу, і яна, італьянка, верыць ёй, а ён — не! Сьцяпанаў, зразумела, гэта адразу выкінуў. А мне не было чаго губляць, і я змагаўся да апошняга. Нават напісаў ліст Быкаву з прапановай замяніць рэжысэра. Быкаў адказаў, што хацеў рэжысэрам Вітаўтаса Жалакявічуса, але на кінастудыі вырашылі іначай. А цяпер яму далі Ларысу Шапіцька — здымаць «Сотнікава». Масква дала, Дзяржкіно. І што ён нічога зрабіць ня можа. Так і заглохла тая справа з «Альпійскай балядай».

— Быкаў не любіў фільмаў па сваіх творах — няўжо не было ніводнай удалай экранізацыі?

— Ды няма ў яго ўдалых экранізацый! І «Альпійская баляда» толькі напалову ўдалася. Таксама як і ў Валянціна Распуціна толькі адна добрая экранізацыя — «Урокі францускае», зробленая Яўгенам Ташковым. Там ёсьць душа. Мне Васіль Быкаў запомніўся сваім беларускім прытоеным характарам. «Хоць гаршком назаві, толькі ў печку ня стаў» — гэта, як мне здаецца, пра яго. Але на Быкава моцна ўплываў Алесь Адамовіч — сапраўдны дысыдэнт. Лукашэнку робіць гонар тое, што ён Быкава па-дзяржаўнаму пахаваў. Нават труна такая ж была, як у Турава.

— Я вас вельмі зьдзіўлю, калі скажу, што ні Лукашэнка, ні яго чыноўнікі ня мелі аніякага дачыненьня да пахаваньня Быкава? Яго хаваў Саюз пісьменьнікаў і — тысячы беларусаў.

— Я гэтага ня ведаў. Я бачыў хроніку. І потым, сам Лукашэнка пра гэта казаў.

— Ён яшчэ казаў, што труну зь целам Быкава апазыцыя да ночы па Менску насіла... Давайце прыгадаем яшчэ адзін ваш фільм — шукшынскую «Калину красную». Там ёсьць эпізод, дзе герой Шукшына ідзе паўз стэнды з гербамі ўсіх савецкіх рэспублікаў і спыняецца каля гербу БССР. Гэта выпадкова?

— Невыпадкова. Я ж па дзеду — беларус. Мой дзед Канстанцін Лявонавіч Забалоцкі быў з Барысава, у сталыпінскую рэформу перасяліўся ў Сібір, моцна асеў на зямлі. Дарэчы, калі я зьбіраўся паступаць у Інстытут кінематаграфіі, дзед мяне адгаворваў: «Ой, не хадзі, дзіцятка. Бачыў я тое кіно яшчэ ў дзевяцьсот восьмым годзе. Палатно павесілі... і назвалі ж кіно — грошы кінь і ідзі...» Мы з Шукшыным, дарэчы, на «Беларусьфільме» блізка сышліся, калі ён прыехаў, як гаварыў, «кінастудыю памацаць». А ў «Калине красной» падтэкстаў розных нямала... Фільм будзе жыць яшчэ вельмі доўга, бо Шукшын там ролю не выканаў — ён тыя два месяцы дваццаць два дні проста пражыў, як уласнае жыцьцё. Нядаўна ў сваім архіве знайшоў я ліст ад Караткевіча, датаваны 1974 годам: «Глядзеў нядаўна „Калину красную“. Але ж і малайцы, але ж і сукіны вы сыны з Васілём Макаравічам! Гэта ж тое, што трэба: проста — і ой як няпроста... Вам, нябось, дасталося. Відаць, кавалкамі выдзіралі, гэта сям-там заўважна. Але і таго, што засталося, хопіць з каптуром. Васіль там сказаў фразу, якая мяне зачапіла: „Мужыкоў у Расеі многа“. Гэта гучыць ня толькі, як хамская пагарда падонка, але і як вялікая надзея. Сапраўды, пакуль мужыкоў у Расеі (і ў Беларусі, і паўсюль) многа — ня ўсё яшчэ страчана». Караткевіч, дарэчы, хацеў зьняцца ў нашым з Шукшыным фільме «Сьцяпан Разін» — выканаць хоць «бясслоўную ролю з атачэння атамана з надрыўным сьлёзным сьпевам над каўшом віна». На жаль, не атрымалася. Да слова сказаць, я Шукшыну даваў чытаць сцэнар фільму «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Ён яму спадабаўся, і ён шчыра зьдзіўляўся, як на такім матэрыяле кіно запаролі. Хацеў з Караткевічам пазнаёміцца. Не пасьпеў.

— Ваш зь Віктарам Туравым фільм «Праз могілкі» ўвайшоў у сотню найлепшых фільмаў пра вайну па вэрсіі UNESСO. Нядаўна яго паказвалі па БТ — да юбілею рэжысэра. І сёньня глядзіцца.

— Тураў — вельмі таленавіты чалавек, вучань Аляксандра Даўжэнкі. Але ў яго была адна бяда — устаноўка ў галоўнай ролі абавязкова здымаць сваю жонку... З-за гэтага ён не зрабіў ніводнага фільму, вартага свайго таленту. З-за гэтага і я быў вымушаны сысьці ад яго, зьняўшы «Праз могілкі». Віктар потым пайшоў у чыноўнікі, узначаліў Саюз кінематаграфістаў Беларусі. А чыноўнік і мастак — рэчы не сумяшчальныя. Гэта нам выдатна даказаў і працягвае даказваць Мікіта Міхалкоў... У фільме «Праз могілкі» нам патрэбна была спаленая вёска. І тут якраз, калі мы ўжо распачалі здымкі, насамрэч згарэла вёска. Мы адразу паехалі туды і ўбачылі, што ад усёй вёскі засталіся толькі коміны печаў і ямы прыбіральняў. Гэта ж вобраз! Віктар бегаў, выбіраў сюжэты, а мы дабудоўвалі дэкарацыю. Ён бегаў-бегаў і заляцеў у яму з г...м ледзь не па пояс. Ледзь адмылі потым, у машыне доўга смурод адчуваўся. Ён са злосьці адмовіўся той вобраз выкарыстоўваць.

— Беларусы сёньня з трывогай глядзяць на многае, што адбываецца ў Расеі. Скажам, дзесьці ў Мардовіі зьявіўся помнік заснавальнкам Гулагу. Не ахвярам — заснавальнікам! Як вы да гэтага ставіцеся?

— Думаю, што помнікі арганізатарам лягероў ставяць самі былыя арганізатары. Я бачыў сучасныя дакумэнтальныя фільмы — аказваецца, яны на Салаўках былі самымі галоўнымі. Цяпер героямі сталі былыя ахоўнікі ў Гулагу. Калі я прыяжджаю ў Беларусь, то адчуваю, што ў вас нашмат сьвяжэй дыхаецца. У вас цяпер больш волі, чым у нас тут. І, што яшчэ заўважна, нехта нам сябраваць перашкаджае. Вось я тэлефаную ў Беларусь і ў Грузію. Дык у Грузію нават таньней абыходзіцца, хоць між намі няма ніякіх адносінаў цяпер. Значыць, гэта спэцыяльна робіцца, нехта зацікаўлены, каб нас разьядноўваць.

— Пачалі мы нашу гутарку з успамінаў пра Караткевіча. Давайце ім і закончым. Які караткевічаўскі твор для вас самы дарагі?

Мы аднойчы сядзелі з Валодзем і слухалі расейскамоўнае радыё з Канады. І там перадалі, што абвяшчаецца конкурс на сцэнар аднахвіліннага (!) дакумэнтальнага фільму. Валодзя задумаўся і кажа: «Прыдумаў! Ледоход, ледоход — / побежал к реке народ, / и плывут по речке льдинки — / четвертинки, половинки, / битые и целые, / пустые и полные, / а на самой большей льдинке / литр стоял посерединке». Я ахнуў: «Валодзя! Ты геній!» А ён мне: «Таляціна (ён мяне так называў), ну хоць трошкі падвучы беларускую мову! Яна ж такая глыбінна славянская». Я тады абяцаў, што падвучу. І таму на разьвітаньне хачу на мове свайго дзеда прачытаць адзін са сваіх улюбёных вершаў Караткевіча: «Бог пайшоў. Жыцьцё ідзе пад кручу. / Але йдзі і не губляй спакой — / ёсьць замест прыватнай неўміручасьці / несьмяротнасьць нацыі тваёй». У гэтых радках — увесь Караткевіч.

____________________________________________

Анатоль Забалоцкі нарадзіўся ў 1935 г. у Краснаярскім краі. Пасьля заканчэньня Маскоўскага інстытуту кінематаграфіі (1960) быў накіраваны на «Беларусьфільм», дзе працаваў каля дзесяці гадоў. Удзельнічаў у стварэньні 15 фільмаў, сярод якіх «Альпійская баляда», «Праз могілкі», «Печкі-лавачкі», «Каліна красная». Апошнім часам займаецца мастацкай фатаграфіяй. Жыве ў Маскве.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG