27 сьнежня афіцыйны сайт Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларуская атамная электрастанцыя» паведаміў, што на пачатку месяца падчас перавозкі корпусу рэактара адбылася няштатная сытуацыя — «дотык да апоры кантактнай сеткі»:
«6 сьнежня 2016 году падчас выкананьня манэўровых апэрацыяў на станцыі „Слаўнае“ беларускай чыгункі адбыўся ў негабарытным месцы нязначны дотык ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуху корпусу рэактара для Беларускай АЭС да апоры кантактнай сеткі», — сьцьвярджаецца ў паведамленьні.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, пашкоджаньняў на корпусе рэактара ня выяўлена і груз далей рухаецца згодна з зацьверджаным раскладам.
Гэта ня першы выпадак «няштатнай сытуацыі», зьвязаны з будаўніцтвам у Астравецкім раёне БелАЭС. У ліпені сёлета генэральны падрадчык АТ «Атамбудэкспарт» паведамляў, што «няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпусу рэактара пры правядзеньні такеляжных работ перасоўваньня яго ў гарызантальнай плоскасьці». Міністэрства энэргетыкі Беларусі на гэтую заяву адказала, што «корпус рэактару знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзяленьня і тэхнічных перашкодаў для яго ўсталяваньня на штатнае месца няма».