«Менскі працэс» уступіў у ступар

Чаму «нармандзкая чацьвёрка» не дасягнула прарыву ў Менску?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Глод: Пасьля ўчорашняй сустрэчы ў Менску міністраў замежных спраў у так званым «нармандзкім» фармаце, гэта значыць кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Нямеччыны, Расеі, Украіны і Францыі, украінскі міністар Павал Клімкін заявіў, што ўдзельнікі дыскусіі не дасягнулі згоды па ўсіх прынцыповых пытаньнях.


Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) фактычна адхілілі ад працы ва Ўкраіне. Пра тое, што прадстаўнікі АБСЭ не атрымаюць эфэктыўнага доступу да ўсяго Данбасу, можна было меркаваць яшчэ да пачатку перамоваў. Аднак «нармандзкі» квартэт не знайшоў згоды нават у пытаньні кантролю і маніторынгу з боку АБСЭ ў выглядзе ўзброенай паліцэйскай місіі некантраляванага ўчастку ўкраінска-расейскай мяжы. Што ўжо казаць пра вывядзеньне расейскіх войскаў і расейскіх наймітаў. Кіраўнік МЗС Украіны выказаў занепакоенасьць і тым, што практычна не абмяркоўвалася забесьпячэньне бясьпекі мясцовых выбараў, якія патрэбна праводзіць у Данбасе.

На менскай сустрэчы міністры прыйшлі да кансэнсусу толькі ў некалькіх больш дробных пунктах. Так, міністры вырашылі, што да канца 2016 году павінен быць арганізаваны абмен ваеннапалоннымі. У прыватнасьці, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжу атрымае доступ да турмаў у зоне канфлікту і прыме ўдзел у правядзеньні абмену. Нямецкі міністар Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаў надзею, што да канца сьнежня атрымаецца вярнуць на радзіму «значную колькасьць» ваеннапалонных. Ён жа паведаміў, што разьвядзеньне ўзброеных сіл варагуючых бакоў павінна быць ажыцьцёўлена ня ў трох, а ў сямі пілётных зонах уздоўж лініі супрацьстаяньня.

Калі зьвесьці ўчорашнюю працу квартэту міністраў да аднаго сказу, то можна зрабіць такую выснову — 29 лістапада ў Менску яны дасягнулі некаторых зрухаў, аднак аб «дарожнай карце» рэалізацыі менскіх мірных пагадненьняў ім дамовіцца не ўдалося.

Паводле словаў міністра Клімкіна, дыскусія адносна лёгікі «дарожнай карты» была даволі кароткай, паколькі расейскі бок не пагаджаецца на ключавыя прыярытэты. У Кіева і Масквы застаецца фундамэнтальная розьніца ў бачаньні гэтай «дарожнай карты». Тое, чаго хоча расейскі бок, гэта фактычна легітымізаваць свой пратэктарат або калёнію на Данбасе, ня робячы крокаў па перадачы кантролю над тэрыторыяй акупаванага Данбаса міжнароднай супольнасьці, у прыватнасьці АБСЭ.

нармандзкі фармат», мабыць трэба пашырыць да «фармату жэнэўскага»

Між тым, 20 кастрычніка ўдзельнікі саміту «нармандзкай чацьвёркі» ў Бэрліне дамовіліся распрацаваць і зацьвердзіць абноўленую «дарожную карту» урэгуляваньня канфлікту ў Данбасе да канца лістапада. Гэты тэрмін ужо прайшоў. Але істотных зьменаў так і няма, нягледзячы на тое, што на перамовах у сталіцы Нямеччыны былі вызначаныя асноўныя напрамкі «дарожнай карты».

Такім чынам, менская пляцоўка па Ўкраіне дагэтуль не дае вялікіх вынікаў. Таму палітолягі не выключаюць, што ў гэтай справе трэба нешта мяняць. У кулюарах учорашняй сустрэчы, напрыклад, можна было пачуць, што «нармандзкі фармат», мабыць трэба пашырыць да «фармату жэнэўскага». Калі казаць пра сутнасьць гэтай прапановы больш простай мовай, то гэта азначае, што да цяперашніх чатырох удзельнікаў перамоваў трэба дадаваць пятага — Злучаныя Штаты Амэрыкі. Бо, падобна, без удзелу Амэрыкі праблему ня вырашыць.
Яшчэ адна прапанова — зьмяненьне месца перамоваў. У прыватнасьці ідзе гутарка пра перанос перамоваў зь Менску ў Астану альбо Кішынёў. Гэта ініцыятыва ідзе з Кіеву. Украінскія ўлады вельмі незадаволеныя, што на паседжаньні камітэту ААН Беларусь выступіла супраць украінскай рэзалюцыі аб парушэньнях правоў чалавека на тэрыторыі Крыму. Як мы ўжо згадвалі, у адным з ранейшых «Трайных удараў» Кіеў назваў гэта нажом у сьпіну Ўкраіны.

Пакуль згаданае галасаваньне адбылося ў межах камітэту ААН. А вось 15 сьнежня рэзалюцыя пра парушэньні правоў чалавека ў Крыме будзе разглядацца на Генэральнай асамблеі ААН. І калі Беларусь прагаласуе супраць, то Кіеў можа ініцыяваць перанос перамоваў ьз Менску, паколькі Беларусь губляе статус нэўтральнай краіны. Дарэчы, год таму толькі тры краіны былога СССР прагаласавалі ў ААН супраць рэзалюцыі па Крыму. Гэта, зразумела, сама Расея, а яшчэ дзьве — Армэнія і Беларусь. Азэрбайджан падтрымаў рэзалюцыю. А бальшыня краін СНД, уключаючы Казахстан, не ўдзельнічала ў галасаваньні. Можа таму, Астана і выглядае альтэрнатыўнай Менску пляцоўкай.

Апошнія месяцы праходзяць пад дэвізам — як бы не выконваць гэтыя пагадненьні, а абвінаваціць у невыкананьні іншы бок

Цыганкоў: Можна меркаваць з пэўнай ступеньню верагоднасьці, што так званы «нармандзкі працэс», альбо «менскі працэс» дзеля ўрэгуляваньня данбаскага крызысу ўступіў у ступар. Зьявілася пэўная паўза, калі не сказаць, што бакі ўпёрліся ў пэўны тупік. Гэта вызначаецца агульнымі стратэгічнымі падыходамі бакоў да гэтай тэмы. Высьвятляецца, што тыя пагадненьні, якія былі ў свой час заключаныя ў Менску пад фанфары з удзелам канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Францыі, як аказалася, не задавальняюць абодва бакі, Маскву і Кіеў.

Апошнія месяцы праходзяць пад дэвізам — як бы не выконваць гэтыя пагадненьні, а абвінаваціць у невыкананьні іншы бок. Афіцыйнаму Кіеву не падабаюцца тыя, хто кажа пра выбары на Данбасе да вызваленьня гэтых тэрыторыяў, Маскве не падабаецца таксама шмат чаго, і кантроль міжнароднымі сіламі украінска-расейскай мяжы на той тэрыторыі, і г.д. У Данецку праходзілі мітынгі супраць прадстаўнікоў АБСЭ і іншых структураў. Тым больш у самім месцы ваенных дзеяньняў не адбываецца ніякага прымірэньня, працягваюцца стрэлы, гінуць людзі. Нават часам украінская прэса піша, што колькасьць ахвяраў была большая, чым у момант, калі гэты крызыс быў у гарачай стадыі. А зараз нібы мірная стадыя.

Сам Менск сваімі дыпляматычнымі намаганьнямі прывёў да таго, што некаторыя бакі, перш за ўсё Кіеў, ужо не ўспрымаюць Менск як пасярэдніцкую нэўтральную пляцоўку, і ўзьнікаюць розныя спробы перанесьці тую пляцоўку ў Астану ці куды яшчэ.

Такім чынам, мы маем справу з фармальна аформленым крызысам гэтых «менскіх пагадненьняў», і звычайна яны завяршаюцца так. Альбо бакі ідуць у адкрытую дыскусію, сварку, і перастаюць усё выконваць, але гэта нікому не хочацца, паколькі кожны хоча абвінаваціць у невыкананьні іншага. Альбо бакі прызнаюць, што гэтыя пагадненьні ўжо ня дзейнічаюць, яны састарэлі, і прыходзяць да нейкай новай узгодненай формы ўзаемадзеяньня, якая таксама будзе часовай, але крокам наперад. І мне здаецца, зараз якраз такая стадыя, калі ідзе ўсьведамленьне зацікаўленымі бакамі таго, што «менскія пагадненьні» ўжо на гэты момант патрабуюць замены на новы дакумэнт пра новыя рэаліі.

Гурневіч: Ужо даўно і «менскія пагадненьні», і "нармандзкая чацьвёрка неэфэктыўныя, і ня можа быць ніякага прарыву, таму што ўсё адбываецца па інэрцыі. Зрэшты, калі прыгадаць першую сустрэчу ў Менску, калі прыяжджалі Мэркель і Алянд, Пуцін і Парашэнка, калі ачысьціць гэтую сустрэчу ад мэдыйнага шуму, ад самога факта сустрэчы альбо цытат Лукашэнкі пра падносы кавы вёдрамі альбо яечняў, эўфарыі тады таксама ня было. Я згадаў ацэнкі гэтага. Так сустрэліся, быццам бы пагаварылі, але не было моцнай задаволенасьці ніводнага з бакоў.

Для іх гэта чарговы галаўны боль

Сёньня гэта таксама буксуецца, як назвалі гэта міністры, таму што па вялікім рахунку галоўным гульцам, відаць, невыгодна нейкае хуткае вырашэньне гэтага канфлікту. Для Расеі абсалютна, бо аналітыкі яшчэ летась і пазалетась гаварылі пра тое, што для яе найбольш важная задача — замарозіць гэты канфлікт, каб ён доўгія гады такім заставаўся, паколькі менавіта Ўкраіна ў агні, у крызысе, у хаосе найбольш выгодная Расеі. І таму Расея зробіць усё магчымае, каб гэты канфлікт ня быў вырашаны вельмі хутка. Бо калі сытуацыя нармалізуецца, тады ў Украіны будзе больш карт у руках у перамовах з Эўразьвязам. Скажуць, глядзіце, наш канфлікт вырашаны, няма ніякіх прэтэнзій, да нас ня можа быць прэтэнзій наконт уступленьня ў НАТО, няма тэрытарыяльных спрэчак. А так Украіна застаецца як Малдова ці Грузія з тэрытарыяльнай спрэчкай, увогуле з канфліктам незразумелым і нявырашаным. І для Расеі відавочна, што гэта трэба працягваць.
Украіна чакае прызначэньня Трампа прэзыдэнтам, яго інаўгурацыі, каб паглядзець, якая будзе палітыка. Усё ж такі час зараз незразумелы. Што будзе Амэрыка прапаноўваць у гэтым працэсе? Але гэта будзе ключавая справа, таму што мы ведаем: без Амэрыкі ў нашым рэгіёне нічога не адбываецца. Таму галоўны адказ на пытаньне: сёньня гэты прарыў нікому не патрэбны, апрача эўрапейцаў. Для іх гэта чарговы галаўны боль, але што яны могуць зрабіць, калі Ўкраіна і Расея зараз ня вельмі ў гэтым зацікаўленыя.

Перанос зь Менску здаецца абсалютна відавочным, Украіна будзе на гэтым настойваць. Ці атрымаецца? Сумняюся, бо гэта менавіта Расея настойвала, каб гэта адбывалася ў Менску. Я думаю, што і цяпер яна будзе намагацца пакінуць гэтыя перамовы ў Беларусі.