Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.
Глод: Аляксандр Лукашэнка прапанаваў запусьціць міратворчы «менскі працэс» для ўрэгуляваньня дачыненьняў паміж Усходам і Захадам, аналягічна з Хэльсынскім працэсам. Адпаведную прапанову Аляксандар Лукашэнка зрабіў падчас візыту ў Менск дэлегацыі камітэту Эўразьвязу ў пытаньнях палітыкі і бясьпекі.
«Не магу не сказаць пра нашу заклапочанасьць нарастаньнем антаганізму паміж Эўразьвязам і Расеяй. Нам у Беларусі назіраць за гэтым і балюча, і трывожна. Разумеючы, што ні вам, ні Расеі, тым больш нам гэта ня трэба пры тых велізарных праблемах, якія сёньня існуюць у сьвеце і якія трэба вырашаць разам», — сказаў ён.
Я зьвязваю гэтыя словы з плянамі Пуціна.
Я зьвязваю гэтыя словы з плянамі Пуціна. Я згадаў ягоную маскоўскую сустрэчу з Лукашэнкам. Тады ўсе зьвярнулі ўвагу на тое, што яны не дасягнулі дамоўленасьцяў наконт нафты і газу. А я зьвярнуў увагу яшчэ і на тое, што яны прагаварылі пяць гадзін. Улічваючы, што асабістыя дачыненьні паміж расейскім і беларускім лідэрамі цяжка назваць прыязнымі, узьнікала пытаньне: пра што яны маглі гаварыць так доўга? Я думаю, што яны абмяркоўвалі як раз гэтую ініцыятыву. Прычым, я схільны лічыць, што кіраўнік Беларусі агучыў яе публічна з асабістай прапановы прэзыдэнта Расеі.
Як бы не надзімалі шчокі расейскія кіраўнікі, але яны мусяць прызнаць: сацыяльна-эканамічнае становішча ў іх краіне пасьля ўвядзеньня эўрапейскіх санкцыяў істотна пагаршаецца. І без зьняцьця санкцыяў крызыс будзе толькі пагаршацца. А крызыс у Расеі можа перарасьці ў вельмі страшэнную рэч — мы ж добра ведаем 100-ую гадавіну чаго зьбіраюцца адзначаць у Расеі ў наступным годзе. Яшчэ адна рэвалюцыя гэта пагроза ўсяму сьвету.
Ды і захад хацеў бы замірыцца. Глядзіце, кандыдат на прэзыдэнта Францыі, на маю думку, ён і будучы пераможца прэзыдэнцкіх выбараў Франсуа Віён ужо заяўляе пра неабходнасьць замірэньня з Расеяй.
Узьнікае пытаньне: а хто зробіць першы публічны крок да гэтага? Пуцін? Але тады ў Расеі пачнуць казаць пра слабасьць расейскага прэзыдэнта. Захаду таксама ня з рукі публічна высоўваць такія ініцыятывы. Таму, як мне падаецца, Лукашэнка тут будзе вельмі дарэчы. Вось адкуль і зьявіўся яго пробны шар.
Прадстаўніца Эўразьвязу прызнала, што гэтая ініцыятыва заслугоўвае ўвагі.
Мне было цікава, як адрэагуе на гэта Эўропа. Пакуль рэакцыі вышэйшага кіраўніцтва Эўразьвязу няма. Але прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіла, што мы зьвярнулі ўвагу на гэтую прапанову, на стварэньне такога фармату, але пакуль ня можам камэнтаваць гэта. Як толькі мы атрымаем больш інфармацыі, то ўсе 28 краін — чальцоў ЭЗ абмяркуюць гэтую ініцыятыву і прымуць рашэньне. То бок яна прызнала, што гэтая ініцыятыва заслугоўвае ўвагі.
Ці сапраўды «менскі працэс» можа перарасьці ў нешта большае, у новы Хэльсынскі працэс ці «новы ўсясьветны парадак»? Першы Хэльсынскі працэс прывёў да ўтварэньня АБСЭ. А ці можа рэфармавацца АБСЭ ў нешта больш сур’ёзнае, чым тая дастаткова аморфная арганізацыя, у выглядзе якой існуе цяпер?
Справа ў тым, што гэта пытаньне стала актуальным. Пра яго гаворыць ня толькі Лукашэнка. Гэта ў кулюарах абмяркоўваюць і ў эўрапейскіх інстытутах, і на розных дасьледчых аналітычных канфэрэнцыях. Менавіта з гэтага і зьявілася ініцыятыва Лукашэнкі, якую яму падказаў Пуцін. А магчыма нейкі падобны сыгнал быў і з Брусэля.
Цыганкоў: Гэтая прапанова не магла зьявіцца ў Аляксандра Лукашэнкі без папярэдняга абмеркаваньня з Уладзімерам Пуціным, паколькі той вельмі зацікаўлены бок. Але ці падказаў гэта Пуцін, як сур’ёзна яны гэта абмяркоўвалі падчас сустрэчы — незалежна ад гэтага яна можа прынесьці пэўныя ідэалягічныя дывідэнды Аляксандру Лукашэнку. Тактыка вылучаць ініцыятывы дастаткова беспамылковая. Лукашэнка вылучае, а наколькі яны сур’ёзныя і выканальныя, хай думаюць тыя, на адрас каго яны вылучаныя. Можна прыгадаць шмат момантаў, калі Аляксандар Лукашэнка кідаў міратворчыя ці пасярэдніцкія прапановы і свае паслугі. З іх ажыцьцявіўся толькі менскі працэс па ўрэгуляваньню расейска-ўкраінскага крызысу, і тое на сёньня ўсё гучней чуваць галасы, што Менск не можа быць пляцдармам для гэтага працэсу, што Беларусь ужо не зьяўляецца цалкам нэўтральным бокам у гэтым канфлікце. Так што магчыма, што гэты менскі працэс як мінімум не паўторыцца тым, што прыяжджалі кіраўнікі заходніх краін.
Лукашэнка ў любым выпадку застаецца з ідэалягічным плюсам.
Але Лукашэнка бачыць, што гэта ўжо сыходзіць, і вылучае новую ініцыятыву. Хай цяпер Захад думае, як рэагаваць. Ну а Лукашэнка ў любым выпадку застаецца з ідэалягічным плюсам: я хацеў прымірыць вялікія цэнтры, Расею і Эўразьвяз. Калі што, я прапаноўваў, яны не захацелі. Ён застаецца «ў белым паліто». Лукашэнка ён неаднаразова гаварыў, што адмаўляецца ад гэтай функцыі пасярэдніка, гэтага не любіць, нават у разгар менскага працэсу, але не трэба верыць словам — відавочна ён любіць гэтую функцыю, ён адчувае, што гэта ці не адзіная функцыя, якая дастаткова ўсур’ёз і нармальна ўспрымаецца на Захадзе, дзе ён можа сябе зарэкамендаваць і проста быць пачутым. Дагэтуль да зьняцьця санкцый Лукашэнка асабліва нікуды не езьдзіць, нікуды яго не запрашаюць акрамя адзінкавых выпадкаў, і яму гэта безумоўна крыўдна. І ён спрабуе такімі ініцыятывамі прыцягнуць на сябе ўвагу і сапраўды праводзіць больш актыўную замежную палітыку.
Гурневіч: Калі дзіця пахваліш, дасі яму цукерку, ён тады такі шчасьлівы, хоча яшчэ больш усіх задаволіць і прыдумляе, як даказаць які ён кемлівы і фізычна спраўны. Тут нешта такое з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі ўдаўся «менскі працэс», то цяпер яму падаецца, што ён будзе галоўным міратворцам ва ўсім сьвеце. Нагадаю, што ён прапаноўваў яшчэ некалькі месяцаў таму падобны працэс Расеі і Турэччыне.
Гэта такая сумнеўная эфэктыўнасьць для Лукашэнкі, бо Менск — гэта толькі месца для працэсу. Беларускае МЗС не ўдзельнічала як бок у гэтых перамовах. Была ў свой час сустрэча Рэйгана і Гарбачова ў Ісьляндыі каля Рэйк’явіка — ёсьць такі слынны белы дамок. Але хто сёньня памятае пра тое, што Ісьляндыя зрабіла нейкі мірны працэс паміж ЗША і СССР? Ну быў такі дамок, сустрэліся, ну і добра.
У кожнай краіны свае нацыянальныя інтарэсы, адны ўвогуле падтрымліваюць Пуціна, і выглядае на тое, што такіх краін стане яшчэ больш у Эўропе.
Таму я на месцы Лукашэнкі ня быў бы задаволены, думаючы, што гэта ён прывёў да гэтага. Я думаю, ён цудоўна ўсё разумее. Але ў сытуацыі, калі ён шукае сабе месца і крэдыты, прыхільнасьць замежных урадаў, натуральна чым больш ідэй, тым больш на яго будуць зьвяртаць увагі. Але не факт, што Беларусь штосьці з гэтага атрымае. Уявіце сабе, што значыць такая перамоўная місія ў Менску паміж Захадам і Расеяй, ну якія пытаньні можна там вырашаць? Ёсьць стасункі двухбаковыя паміж Брусэлем і Масквой, на ўзроўні Рады Эўразьвязу. Ёсьць ЗША, якія вядуць сваю палітыку. Я не ўяўляю, як гэта ўзяць у кучу, прывесьці дэлегацыю ў Менск, размаўляйце з Пуціным. Эўразьвяз — гэта вельмі бюракратычная структура, дзе павінныя згадзіцца 28 краін, каб праводзіць такія перамовы, павінны быць цэлы расклад дня ці некалькіх дзён гэтай сустрэчы, пытаньні. У кожнай краіны свае нацыянальныя інтарэсы, адны ўвогуле падтрымліваюць Пуціна, і выглядае на тое, што такіх краін стане яшчэ больш у Эўропе. У іх ёсьць свае прычыны, магчымасьці, інструмэнты, каб абмяркоўваць гэтыя пытаньні.
Навошта гэта рабіць публічна ў Менску, ды яшчэ ў краіне, якая мае сумнеўную рэпутацыю? Менск для Захаду гэта не нэўтральная пляцоўка, гэта ўсё ж такі сфэра ўплыву Расеі. Яны пагадзіліся на «менскія пагадненьні», бо гэта была ідэя Масквы, і яны прынялі яе. А так дыктатар прапануе «нэўтральную» пляцоўку — гэта сьмешна выглядае. І эфэктыўнасьць для сусьветнага новага парадку сумнеўная, і для Лукашэнкі сумнеўная. Толькі калі сказаць, мы прапаноўвалі, яны адмовіліся. Гэта, відаць, адзіны плюс для Лукашэнкі, пра што можна пагаманіць на дзяржаўных тэлеканалах.