Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менскі працэс» пасьля саміту «Нарманскай чацьвёркі»


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель падчас саміту «Нарманскай чацьвёркі» ў Бэрліне 19 кастрычніка 2016 году.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель падчас саміту «Нарманскай чацьвёркі» ў Бэрліне 19 кастрычніка 2016 году.

На саміце лідэраў так званай Нарманскай чацьвёркі (Нямеччына, Францыя, Украіна, Расея) 19 кастрычніка ў Бэрліне дасягнулі дамоўленасьцяў, якія можна назваць прарыўнымі. Што далей?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Сяргей Навумчык

Каліноўскі: Сёньня ў Менску пасьля перапынку сабралася Трохбаковая кантактная група — аднаўляецца так званы Менскі перамоўны працэс, пра які ўжо гаварылі як пра безнадзейны. На саміце лідэраў так званай Нарманскай чацьвёркі (Нямеччына, Францыя, Украіна, Расея) 19 кастрычніка ў Бэрліне дасягнулі дамоўленасьцяў, якія можна назваць прарыўнымі: аб узброенай паліцэйскай місіі АБСЭ на Данбасе ў тым ліку на захопленым Расеяй участку мяжы, аб працягу адводу войскаў ад лініі судакрананьня і стварэньні Дарожнай мапы ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Калі тое, пра што дамовіліся прэзыдэнты, выканаць — то сапраўды ўзьнікае магчымасьць ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе.

Узброеная паліцэйская місія АБСЭ магла б стаць пачаткам такіх міратворчых сіл. Аднак Расея даўно супраціўляецца гэтай ідэі. І вось 24 кастрычніка удзельнікі менскіх перамоваў ад так званых АРДА І АРЛА (то бок ДНР і ЛНР) паехалі ў Маскву і заявілі, што ня згодныя з паліцэйскай місіяй АБСЭ, зь якой нібыта пагадзіўся Пуцін.

Такім чынам працэс можа зноў зайсьці ў тупік.

У Кіеве многія крытыкуюць менскі працэс, менскія дамоўленасьці, але прэзыдэнт Парашэнка нядаўна зазначыў, якія альтэрнатывы яму ёсьць. Першая — вызваліць Данбас сілай, гэта значыць ісьці ваяваць з усёй расейскай арміяй. Нагадаю, што ў 2014 годзе ўкраінскае войска было блізкае да гэтай мэты, але Расея кінула свае падразьдзяленьні і зьнішчыла значную частку ўкраінскага войска ў так званым Ілавайскім катле. Не гібрыдная, а адкрытая вайна з Расеяй можа скончыцца ня дзесяткамі тысяч, а мільёнамі ахвяр. Другі варыянт — аддаць акупаваныя тэрыторыі Данбасу Расеі, адмовіцца ад іх фактычна. Але гэта зусім ня значыць, што Расея імі задаволіцца, спыніць свае намаганьні зусім разбурыць Украіну, правакацыі, дывэрсіі, тэракты. Вось сталі вядомыя намаганьні пуцінскага дарадцы Суркова па дэстабілізацыі ў Закарпацьці, стварэньні і там нейкай псэўданароднай рэспублікі. Зьявіліся дакумэнты з яго асабістай пошты, якія здабылі хакеры.

Выснова Парашэнкі ў тым што альтэрнатывы недасканаламу мірнаму працэсу няма.

Карацей, выснова Парашэнкі ў тым што альтэрнатывы недасканаламу мірнаму працэсу няма. Складана было б пажадаць патрапіць у шкуру Пятра Парашэнкі, які вымушаны абараняць сваю дзяржаву і ад зьнешняга і ад унутранага ворага.

Але ўсё ж давайце, калегі, пастараемся дапамагчы яму парадай, як рабіць, лепей, што яшчэ зрабіць каб дыяпляматычныя намаганьні Нарманскай чацьвёркі па Данбасе рэалізаваць на справе.

На мой погляд, там увогуле патрэбныя замежныя міратворчыя сілы, блакітныя каскі ААН, якія б кантралявалі і лінію фронту, і адвод войскаў, і вывад расейскай тэхнікі і кантынгенту, і кантроль за мяжой Украіны з Расеяй.

Глод: Наколькі я разумею сытуацыю, то прынцыпова пасьля Бэрлінскай сустрэчы нічога не зьмянілася. Пазыцыі Украіны, Нямеччыны і Францыі па-ранейшаму кардынальна разыходзяцца з пазыцыяй Расеі. Разыходжаньні старыя — у пасьлядоўнасьці выкананьня менскіх пагадненьняў. Украіна настойвае, што спачатку неабходна выканаць умовы па гарантаваньні бясьпекі ў рэгіёне, а потым пераходзіць да выкананьня палітычнай часткі дамоўленасьцей. Расея патрабуе неадкладнага правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе.

Пятро Парашэнка пасьля сустрэчы лідэраў краін нармандзкай чацьвёркі ў Бэрліне заявіў, што мясцовыя выбары на Данбасе можна праводзіць толькі пасьля выкананьня ўмоваў бясьпекі. Паводле яго, з асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей павінны быць выведзеныя ўсе замежныя войскі.

Арганізацыя выбараў на Данбасе ў цяперашніх умовах бачыцца толькі ў далёкай пэрспэктыве.

Украінскія ўлады зноў адзначаюць, што арганізацыя выбараў на Данбасе ў цяперашніх умовах бачыцца толькі ў далёкай пэрспэктыве. Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін адзначае, што мы вельмі далёкія ад таго, каб прасоўвацца да пытаньня арганізацыі выбараў, паколькі для гэтага неабходна дасягнуць ўсіх неабходных перадумоў па бясьпецы. І выкананьне гэтых умоў будзе ацэньвацца і намі, і з боку АБСЭ, у прыватнасьці, з боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Тут важна, каб АБСЭ мела доступ да тэрыторыі акупаванага Данбасу, да некантралюемага ўчастку ўкраіна-расейскай мяжы.

Я думаю, што пэўны прагрэс менавіта праз удзел прадстаўнікоў АБСЭ магчымы. Глядзіце, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі заяўляе, што Уладзімер Пуцін у прынцыпе падтрымаў ідэю аб разьмяшчэньні ўзброенай місіі АБСЭ ў Данбасе. І хоць той жа спадар Пяскоў кажа, што пакуль няма разуменьня ў АБСЭ, як гэтую місію можна сфармаваць, дзе яе разьмяшчаць, але, мне падаецца, усе ўдзельнікі нармандзкай чацьвёркі разумеюць, што гэта трэба зрабіць сёлета. Чаму сёлета? А таму, што менавіта Нямеччына старшынюе ў 2016 годзе ў АБСЭ. Невыпадкова ж Пуцін казаў, што гэтае пытаньне павінна быць прапрацаванае, у тым ліку зь улікам старшынства Нямеччыны ў гэтай міжнароднай структуры.

І яшчэ неабходна сказаць пра аднаго вельмі важнага палітычнага гульца — Злучаныя Штаты Амэрыкі. Пра ролю гэтай краіны мы ўжо казалі. А сёньня прыйшло паведамленьне, што прэзыдэнт Парашэнка і віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абмеркавалі праз тэлефон вынікі сустрэчы лідэраў «нармандзкай чацьвёркі» ў Бэрліне. У паведамленьні пра гэта падкрэсьліваецца, што асобна была адзначана важнасьць працягу палітыкі актыўнага прыцягненьня амэрыканскага боку ў пытаньні садзейнічаньня імплемэнтацыі менскіх дамоўленасьцей і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Гэта не азначае, што Вашынгтон непасрэдна далучыцца да нармандзкага квартэту. Але невыпадкова Парашэнка заклікаў умацаваць трансатлянтычнае адзінства, каб калектыўныя антырасейскія санкцыі захаваліся. І тут роля ЗША вельмі важная.

Гэтая нязгода лідэраў ДНР і ЛНР з Пуціным — танны спэктакль правінцыйнага тэатра марыянэтак.

Навумчык: Гэтая нязгода лідэраў ДНР і ЛНР з Пуціным — танны спэктакль правінцыйнага тэатра марыянэтак. Паколькі гэтыя так званыя лідэры — абсалютныя марыянэткі Крамля, яны скажуць і зробяць усё, што ім загадае Пуцін. Магчымасьці афіцыйнага Кіеве, у прыватнасьці, Парашэнкі, у справе разьвязаньня гэтага канфлікту цалкам вычарпаныя, калі ўвогуле існавалі. Бо ўсё ў руках Пуціна, і Кіеў няздольны зрабіць заўважны ціск на Маскву. Гэта здольны зрабіць толькі Захад, і найперш Вашынгтон. А ў Амэрыцы цяпер выбары, таму нейкае рэальнае праясьненьне можна будзе чакаць толькі пасьля іх, нават пасьля студзеня наступнага года, калі новаабраны прэзыдэнт уступіць у свае паўнамоцтвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG